Суббота, 20.04.2024, 06:52

Главная Регистрация Вход
Приветствую Вас, Гость · RSS
Меню сайта
Форма входа
Категории раздела
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №1 (октябрь 2012 г.) [11]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №2 (ноябрь 2012 г.) [20]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №3 (декабрь 2012 г.) [10]
Поиск
Наш опрос
Какова ваша связь с Узденщиной?
Всего ответов: 120
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
 Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА
Главная » Статьи » Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА 2012 год » Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №2 (ноябрь 2012 г.)

Известные люди Узденщины. Павел Шидловский, композитор, часть 2

Васіль Шырко.

Песня жытневага поля






...Два дні спраўляла вёска вяселле Паўла і Олі. Колькі песень спелі — не злічыць. Пра брыгаду маладую таксама спявалі. Ніхто, апрача маладых, не ведаў, чыя гэта песня. А, між іншым, зайздросны лёс ёй быў наканаваны. Песню запелі па ўсёй рэспубліцы, невядома, якім чынам яна прарвецца праз кардон і яе падхопяць сяляне Заходняй Беларусі. Пазней пра гэта раскажа ў сваіх кнігах і выступленнях па тэлебачанні і радыё народны артыст СССР Генадзь Іванавіч Цітовіч: «Для сапраўднага мастацтва няма і не можа быць пагранічных слупоў, яму не перашкода калючы дрот і штык».

Першы поспех натхніў Паўла. На свет з яўляліся новыя і новыя песні. Да яго прыязджалі паэты, кампазітары, дапамагалі паправіць словы, апрацаваць і запісаць на ноты музыку, але аснова заўсёды была Шыдлоўскага.

—У цябе, Павел, песень, як дзяцей, — жартавалі землякі.

— Сыны   і   дзевачка-прыпевачка, — не крыўдзіўся Павел Іванавіч, — і ўсе музыкальныя, як заспяваю — адразу перастаюць плакаць.

Але хутка стала не да жартаў. Пачалася вайна. Праз вёску ішлі і ішлі на ўсход бежанцы, нашы салдаты і афіцэры. У райцэнтры (пяці кіламетрах ад Прысынка) былі ўжо немцы, а Павел Іванавіч з жонкай хавалі ў сваёй хаце раненых байцоў. Яны не думалі пра небяспеку...

Многія прысынкаўцы і нізаўчане з першых месяцаў вайны падаліся ў партызаны. I сярод іх узялі ў рукі зброю сябры Паўла Іванавіча Канстанцін Брызінскі, Сяргей Трацэўскі, Міхаіл Лучанок... Яны сталі партыэанамі атрада «Патрыёт Радзімы» брыгады імя Варашылава.

Да Паўла Іванавіча партызаны заходзілі ў любы час ночы. Яго чуйнае вуха лавіла нават самы ціхі стук у шыбу... Ён дзяліўся навінамі, здабытымі звесткамі. Вольга Сямёнаўна пякла партызанам хлеб, мыла бінты.

Штотыдня, у нядзелю, Шыдлоўскі хадзіў ва Узду на кірмаш: мяняў рэчы на соль, прадаваў што-небудзь альбо купляў. Ён распытваў людзей, загаворваў са знаёмымі паліцаямі. Нікому і ў галаву не магло прыйсці, што гэты амаль сляпы чалавек — партызанскі  сувязны.

Два гады Шыдлоўскі быў партызанскім сувязным. Але знайшлася-такі адна прадажная душа ў вёсцы. Паўла Іванавіча папярэдзілі, што на яго напісаны данос. Трапіць ён да фашыстаў і ўсю сям'ю забяруць. Марудзіць нельга было ні хвіліны. Тэрмінова звязаўся з партызанамі. Камандзір загадаў ісці з сям'ёй у лес.

У партызанскім лагеры знайшлася справа і Паўлу Іванавічу: насіў сувязным запіскі, чытаў партызанам вершы, а вечарамі спяваў. Асабліва часта згадваў адну са сваіх даваенных песень:

А ў полі за вёскай расла

рабіна,

Гэй, гэй, кудравая расла...

Хлопцы і дзяўчаты падпявалі. Ад гэтай простай, журботна-светлай песні дыхала мірным жыццём. «Якое яно будзе,—думаў Павел Іванавіч,—што нам нясе заўтрашні дзень? — I сам сабе адказваў: — Якое б ні было, што б ні несла, яно будзе мірнае, солечнае і абавязкова з песнямі».

Прыйшло вызваленне. Людзі адбудоўвалі спаленыя дамы, ладзілі гаспадарку, а Шыдлоўскі арганізоўваў хор.

   Ці не з глузду ты з'ехаў, Павел Іванавіч, — казалі яму, —  голад,   холад...   якія  песні? Пачакай, прыйдзе час — заспяваем!

   Гора і бяду адолее песня,— адказваў ён.

У хор запісваліся гэткія ж энтузіясты, як і сам Шыдлоўскі. Вольга Прыёмка, Іосіф Прыбытка спявалі ў хоры да вайны і пасля вайны не адцураліся ад песень. За імі падягнуліся маладыя. Праводзілі рэпетыцыі, выступалі з канцэртамі і ў сваёй, і ў суседніх вёсках.

Неяк прыйшла папера з Масквы. Паўла Іванавіча запрашалі на семінар самадзейных кампазітараў.

—Паеду! — цвёрда рашыў. Калі яшчэ давядзедца пабываць у Маскве.

—Едзь!..—не пярэчыла Вольга Сяменаўна, — толькі не затрымлівайся   доўга, а  то   хор разбяжыцца.

Вяртаўся назад Павел Іванавіч акрылены. Сустрэча з Масквой, з вядомымі кампазітарамі, паэтамі дала новыя сілы.

У 1955 годзе ў Маскве павінна была адбыцца дэкада беларускай літаратуры і мастацтва. Быў аб'яўлены конкурс на лепшую песню, прысвечаную сталіцы савецкай Радзімы.

Павел Іванавіч таксама вырашыў уключыцда ў конкурс. У памяці былі свежыя ўспаміны ад сустрэч з Масквой, недзе глыбока ў душы жыла мелодыя. Не было толькі слоў. Са словамі ў яго заўсёды здаралася няўвязка. Рэдка калі крытыкавалі музыку, а вось словы часта. Як тут людзям растлумачыць, што кампазітар у ім дамінуе над паэтам. «Бяры чужыя вершы!» — параяць. Каб чужыя браць, трэба чытаць, а ён не разлічае друкаваных радкоў... Таму піша сам. «I на гэты раз трэба пісаць і верш, і музыку», — вырашыў Павел Іванавіч.

Лёгка сказаць — пісаць, калі ён і пісаць не можа. Прадыктаваць дзецям — старэйшым Марыі ці Валодзю. Трэба напачатку скласці ўсё ў памяці.

Калоссямі нівы шумяць

залатыя.

I рэкі гамоняць між лоз,— заселі ў галаве радкі. Яны добра клаліся на музыку, але што далей... дэкада, прыезд беларусаў у Маскву:

Прымі прывітанне, Масква

дарагая,

Што я з Беларусі прывёз.

У кожнай справе ці не галоўнае — пачатак. Новыя і новыя радкі засядалі ў памяці. I вось апошняя, заключная страфа, як вянец, зварот да Масквы:

Вядзі нас наперад, у светлыя

далі,

Хай песнямі поўніцца шыр,

3 табою, Масква, мы навекі

з'яднаны За волю, за шчасце, за мір.



Ён адчуваў, што песня атрымалася. 3 хваляваннем чакаў рашэнне журы. Першым прынёс шчаслівую навіну Генадзь Іванавіч Цітовіч.

—Віншую,   Паўлік, — сказаў, — дэкада будзе адкрывацца тваёй песняй «Прывітальная Маскве».

Павел Іванавіч расчуліўся, абняў сябра.

  Не грэх і   адзначыць, — сказаў скрозь слёзы.

А неўзабаве Шыдлоўскі слухаў па радыё, як зводны хор (500 спевакоў!) пад кіраўніцтвам Цітовіча выконваў яго песню ў Маскве.

  Гэта твая лепшая   песня, — згадаліся словы Генадзя Іванавіча, — зайздросны   лёс ёй наканаваны.    Я б яе паставіў следам за «Бывайце здаровы» і «Лясной   песняй»   Адама   Русака

Павел Іванавіч разумеў, што Цітовіч занадта высока ацаніў яго песню, тым не менш, пачуццё радасці перапаўняла кампазітара. Не лішні ён у жыцці, знайшоў сваё месца, цяпер мог сказаць гэта з упэўненасцю.

Чаму так часта ўспамінаюцца тыя пяцідзесятыя гады? Здэцца, і няўежна было, і дзеці адзін ад аднаго меншыя, хатка цесная, як варыўня.. А ў сэрцы жыла песня, не заціхала ні на хвіліну... На рэпетыцыі ў клубе быў, калі дачка прыбегла, сказала, што ордэнам ён узнагароджаны, па радыё перадавалі...

—За што ўзнагароджаны? — спытаў.

  За песні, — сказала Марыя.

Яго падкідвалі на «ўра», рэпетыравалі яшчэ яго дзве песні «Сяло маё, сяло новае...» — пра адноўленую вёску, і лірычную «Гэй, у нашым ціхім лузе». Хутка павязе хор песні ў Мінск, на рэспубліканскі конкурс, вернецца назад пераможцам.

Ужо ў які раз выбралі дэпутатам сельсавета. Ідуць да яго людзі і ідуць.

— Вы — аўтарытэт, — кажуць, — вас у Мінску ведаюць. у Маскве... памажыце.

I памагаў... дабываць кругі на калодзежы, масціць дарогі, мірыць суседзяў... ды ці мала што яшчэ. Заўважылі ў раёне. Два скліканні быў дэпутатам райсавета.

Потым выбралі яго старшынёй таварыства сляпых. Правёў сход таварыства, арганізаваў гурткі: харавы, драматычны, мастацкага пытання. На абласным аглядзе мастацкай самадзейнасці раённае таварыства сляпых заняло другое месца.

Лекцыі, сустрэчы, дыспуты... Людзі адчулі, што жывуць не на водшыбе, а ў гушчы жыцця. Павел Іванавіч знаходзіў час і на новыя   песні. Усе яны ад зямлі, ад бульбяных   палеткаў, жытнёвага поля:   «Камбайнер», «Малады   пастух»,    «Расцвіла каліна». Хацелася ў іх   уславіць сённяшні дзень, яго прыгажосць.  

Па-ранейшаму   музыка была на першым плане. Кампазітар, здаецца, жыў мелодыяй, лёгкай, як дыханне ветру, светлай, як сонечны прамень. Словы па-ранейшаму нібы адступалі перад музыкай, давалі    ёй прастор. Але так здавалася на першы погляд.   Узяць хоць бы песню «А за   аколіцай   сонца ружовіцца», якая адразу   стала папулярнай, загучала па тэлебачанні, па радыё... Тут музыка і словы, як адзінае цэлае:

Летняя ночка вельмі

маленькая,

Вецер цярушыць срэбра-расу,

У садзе пад вішнямі пары

прыцішаны

Хочуць прыбавіць ночку-

красу.

Гэта песня ў выкананні Паўла Іванавіча і Вольгі Сямёнаўны на дзіва ўпрыгожыла зняты   намі фільм. Яна арганічна лажылася на непаўторныя   прысынкаўскія краявіды. Я міжвол адкрыў для сябе, што і 75-гадовы Шыдлоўскі глядзіць на свет вачыма юнака, нібыта назаўсёды засталіся ў памяці тая каліна, той луг і рэчка, якімі ён бачыў іх, калі, як і ўсе, любаваўся прыгажосцю зямлі. Усё астатняе жыццё ён услаўляў гэту прыгажосць у словах і гуках, а дакладней, у іх сугучнасці.


Категория: Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №2 (ноябрь 2012 г.) | Добавил: IstokNemana (31.01.2013)
Просмотров: 1689 | Теги: самодеятельный композитор, деревня Присынок, Узденщина, Узденский район, Павел Шидловский, Исток Немана | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Copyright MyCorp © 2024
Бесплатный хостинг uCoz