Понедельник, 23.10.2017, 17:26

Главная Регистрация Вход
Приветствую Вас, Гость · RSS
Меню сайта
Форма входа
Категории раздела
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №4 (январь 2013 г.) [7]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №5 (февраль 2013 г.) [8]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №6 (март 2013 г.) [9]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №7 (апрель 2013 г.) [6]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №8 (май 2013 г.) [5]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №9 (июнь 2013 г.) [6]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №10 (июль 2013 г.) [10]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №11 (август 2013 г.) [8]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №12 (сентябрь 2013 г.) [6]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №13 (октябрь - ноябрь) 2013 г.) [4]
Поиск
Наш опрос
Какова ваша связь с Узденщиной?
Всего ответов: 102
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
 Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА
Главная » Статьи » Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА 2013 год » Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №10 (июль 2013 г.)

І ЛУНАЛА МУЗЫКА НАД ПРОШЧАЙ. 152-годдзе прыходу ў свет Магдалены Радзівіл, асветніцы і мецэнаткі



   І лунала не гадзіну, не дзве, як гэта часта бывае ў час запланаваных загадзя канцэртах, а амаль да світання, бо сабраліся разам у былым маёнтку славутай мецэнаткі Магдалены Радзівіл адданыя справе духоўнасці людзі.

І сабраліся не проста так, а каб адзначыць чарговыя ўгодкі: 152-годдзе прыходу ў наш супярэчлівы свет цудоўнай гарманічнай асобы, якая сваёю шчодрай дабрынёй, сваёю мудраю жыццёваю пазіцыяй заваявала павагу і захапленне не толькі прагрэсіўных людзей свайго часу, але і многіх нашых сучаснікаў.

Сярод прысутных былі людзі розных узростаў, розных прафесій: рабочыя і служачыя, прадпрымальнікі, мастакі, спевакі, музыкі, пісьменнікі…

Адным словам, няўрымслівыя творчыя натуры, якія высока цэняць такія духоўныя каштоўнасці як ініцыятыўнасць, адказнасць, бескарыслівасць, бо арганізоўвалася мерапрыемства самімі ўдзельнікамі па зову сэрца і па няпісаных законах продкаў, якія самі клапаціліся пра сваю душу: збіраліся на  вячоркі, дзе спявалі і танцавалі, перадавалі вопыт нашчадкам.

І ўладары падтрымлівалі і развівалі гэтую актыўнасць сваіх падапечных. Менавіта так і было пры Магдалене ў яе спадчынным маёнтку Кухцічы, цяперашнім пасёлку Першамайск. І за савецкім часам насельнікі гэтай мясцовасці часта самаарганізоўваліся і бавілі час, спяваючы і танцуючы, прывабліваючы сваім стылем узаемаадносін моладзь.

   Выступоўцы (мастак Алесь Філіповіч, музыкант  Леанід Урбановіч, прадпрымальніца  Наталля Хадановіч, сталічны бізнесмен Сяргей Макараў і іншыя) у адзін голас сцвярджалі, што асоба Магдалены Радзівіл унікальная ў гісторыі Беларусі, а, магчыма, і ў свеце, бо мала хто здольны на тое, каб аддаваць уласныя    сродкі  на развіццё культуры народа.

Хораша гучалі песні на розных мовах, але найбольш кранальна – беларуская "Купалінка” у акапэльным выкананні імправізаванага трыа сталічных спявачак Святланы Алмазавай, Вікторыі Расолька і нашага уздзенскага рупліўца на ніве культуры Леаніда Урбановіча.

 

Актыўны ўдзел у правядзенні мерапрыемства прымалі як мясцовыя жыхары, накшталт намесніка начальніка Уздзенскага ЖКХ па ідэалогіі Таісіі Рабцэвіч, мастака Уладзіміра Курдзюкова, так і сталічныя госці: прадпрымальнікі Віктар Сакалоўскі, Сяргей Макараў і іншыя.

   Ініцыятарам, каардынатарам мерапрыемства і, вядома ж, гваздом праграмы стаў вядомы таленавіты музыкант-саксафаніст  Сяргей Чарніковіч. Як жартавалі некаторыя з прысутных – Магдалена яму спаць у шапку не дае, бо жыве ён з дзяцінства якраз на тым самым месцы, дзе размяшчалася  цэнтральная частка шыкоўнага колісь палаца, гаспадыняй якога і была славутая княгіня.  

А мне падалося, што гэта Прошча генерыруе і канцэнтрыруе сваю магнетычную сілу і прыцягвае шчырых таленавітых людзей, якія інтуітыўна адчуваюць яе таямнічае гаючае ўздзеянне, яе магутны жыццядайны павеў.

Не выпадкова ж адна са сталічных спявачак Вікторыя Расолька, якая нічога і не падазравала пра незвычайнасць гэтага месца, праспяваўшы некалькі песень, у захапленні выдыхнула: як жа тут лёгка спяваецца, як хораша на душы, хочацца абняць цэлы свет.

Заўважылі і іншыя прысутныя гэтую акалічнасць. Мясцовы музыкант Леанід Урбановіч звярнуў увагу на незвычайную акустыку імправізаванай сцэны, у якасці якой выкарыстоўваўся ганак з шыкоўнымі калонамі і прыступкамі, па якіх ступала сама Магдалена. А мясцовыя жыхары чулі выразна музыку і разбіралі нават словы песень, знаходзячыся ў сваіх кватэрах дастаткова далёка ад месца, дзе віравала дзівосная праява.

Вядомая беларуская оперная спявачка Сандра (Святлана Алмазава), якая таксама ўпершыню выступала тут, выразіла ўпэўненасць, што знойдуцца таленавітыя, духоўна багатыя прадпрымальнікі, якія захочуць укласці свой капітал у адраджэнне гэтага цудоўнага месца і вяртанне яму статуса аднаго з цэнтраў культуры Беларусі, як гэта было пры Магдалене.

У гэтым упэўнена і мясцовая прадпрымальніца Наталля Хадановіч, якая абараніла дыпломны праект на тэму "Класцерная стратэгія развіцця аграэкатурызму на тэрыторыі Уздзенскага раёна”.  Зараз разам з мужам плануе стварыць сваю аграсядзібу.  

 Радуе, што моладзь не баіцца брацца за новую на Беларусі справу. Ужо ёсць шмат прадпрымальнікаў у гэтай нялёгкай дзейнасці і на Уздзеншчыне. Адзін з іх, Аляксандр Дзесюкевіч, прысутнічаў на вечарыне і, скарыстаўшы момант, запрасіў да сябе на вядомую і папулярную ўжо сядзібу "Лясны кардон”, дзе створаны камфортныя ўмовы для адпачынку цэлымі сем’ямі, сталічных   артыстаў. У  яго выступалі ўжо вядомыя на Беларусі і за яе межамі гурты, асобныя спевакі і музыкі, у прыватнасці, згаданы ўжо саксафаніст Сяргей Чарніковіч.

Але сёння гаворка не пра гэта, а пра тое, як вярнуць былую славу куточка беларускасці сядзібе Кухцічы.

Падмурак, як кажуць, закладзены: праект "Выток Нёмана –выток духоўнасці” пачаў працаваць напоўніцу. Як шматлікія раўчукі і рэчанькі бягуць да магутнага Нёмана, каб сілкаваць яго жыватворную сілу, так і таленавітыя творчыя людзі ўліваюцца ў наш праект, каб спрыяць росквіту нашай любай старонкі. Чакаем новых ініцыятыў, новых творчых знаходак.


   Зоя Калкоўская, старшы навуковы супрацоўнік Уздзенскага   гісторыка-краязнаўчага музея.

Фота аўтара.

Афармленне - Васіль Лычкоўскі.


Категория: Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №10 (июль 2013 г.) | Добавил: IstokNemana (13.07.2013)
Просмотров: 493 | Теги: Магдалена Радзивилл, Узденский район, Исток Немана, выток нёмана, Магдалена Радзівіл, усадьба Кухтичи | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Copyright MyCorp © 2017
Бесплатный хостинг uCoz