Четверг, 25.04.2024, 15:19

Главная Регистрация Вход
Приветствую Вас, Гость · RSS
Меню сайта
Форма входа
Категории раздела
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №4 (январь 2013 г.) [7]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №5 (февраль 2013 г.) [8]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №6 (март 2013 г.) [9]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №7 (апрель 2013 г.) [6]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №8 (май 2013 г.) [5]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №9 (июнь 2013 г.) [6]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №10 (июль 2013 г.) [10]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №11 (август 2013 г.) [8]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №12 (сентябрь 2013 г.) [6]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №13 (октябрь - ноябрь) 2013 г.) [4]
Поиск
Наш опрос
Какова ваша связь с Узденщиной?
Всего ответов: 120
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
 Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА
Главная » Статьи » Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА 2013 год » Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №13 (октябрь - ноябрь) 2013 г.)

БРАМА ЯК ПАЧАТАК ВЯЛІКАЙ РАБОТЫ
БРАМА ЯК ПАЧАТАК ВЯЛІКАЙ РАБОТЫ

Бізнесмены Уздзеншчыны аб’ядналіся ў справе адраджэння гісторыка-культурных каштоўнасцей раёна.

Ініцыятарам гэтай карыснай справы стаў дырэктар вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства "Аграмашсэрвіс” Аляксандр Нікітка.

Вясной ён сабраў кіраўнікоў і прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, індывідуальных прадпрымальнікаў, для якіх неабыякавы лёс помнікаў даўніны, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны раёна.

Краязнаўца і фундатар многіх карысных пачынанняў, ён задумаў згуртаваць вакол сябе аднадумцаў, мабыць, для невялікай  у маштабах Беларусі, але значнай для Уздзеншчыны канкрэтнай справы — рэстаўрацыі ўязной брамы помніка архітэктуры ХVІІІ стагоддзя касцёла Святога Крыжа, роўных якой па прыгажосці не так шмат у Беларусі.

Таму так важна захаваць яго для нашчадкаў, па магчымасці вярнуць выгляд, які меў касцёл два стагоддзі назад. І мясцовыя краязнаўцы вырашылі не чакаць таго часу, пакуль у дзяржавы знойдуцца сродкі для яго рэстаўрацыі, а паступова, пачынаючы з малога, крок за крокам рабіць адну вялікую справу.

— Як аказалася, — расказваў А. Нікітка сваім аднадумцам, робячы перад імі своеасаблівую справаздачу аб выкарыстанні сабраных сродкаў, — фінансавы бок праблемы быў у гэтай справе не з самых цяжкіх. Усе, да каго мы звярталіся, ахвотна згадзіліся дапамагчы. Хто — рублём, хто — тэхнікай, хто — будматэрыяламі, хто — канкрэтнай работай.


Цяжкасці падсцерагалі ў іншым. Напрыклад, як зняць старыя вароты (адна створка важыць каля тоны), не парушыўшы канструкцыі слупоў-шулаў.

Пасля кансультацыі з навукоўцамі і з дапамогай мясцовых майстроў-умельцаў прынялі рашэнне выпілаваць месцы мацавання разам з каменем, каб пасля паставіць на месца.

Акуратна з дапамогай крана выканалі гэтую работу. Затым за справу ўзяліся кавалі Максім Хадановіч, Сяргей Бушыла, Яўгеній Барталевіч, Аляксандр Поляк, Максім Варабей.

Па прыгатаваных эскізах яны выкавалі складаныя элементы, працавалі з душой, разумеючы, што робяць не на дзень і не на два, і не звычайную брамку, а элемент гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Напэўна, і пачуццё гонару за родны край, дачыненне да такой высакароднай місіі дапамаглі ім паспяхова справіцца з няпростай задачай.

Затым асноўныя вароты і дзве вузкія брамкі па баках пафарбавалі, зрабілі адпаведнае мацаванне і ўмела ўстанавілі на месца. Абнавіліся, апрануліся ў прыгожыя шапкі з бляхі каменныя слупы, на якіх трымаліся вароты і брамкі. На ўсё гэта спатрэбілася крыху больш як два месяцы.

І вось яны, спонсары і выканаўцы гэтай важнай справы, сабраліся ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса (якраз насупраць абноўленых варот), каб даведацца, на што патрачаны іх сродкі, але найперш — адчуць важнасць свайго дачынення да вялікай справы.

Трэба было бачыць, якім бадзёрым агеньчыкам свяціліся іх вочы. Многія ўздзенцы, бачачы абноўленую браму, радаваліся, хаця і не ўсе ведалі, чыіх гэта рук работа.

А каб у прадстаўнікоў малога бізнесу і надалей не знік імпэт мець дачыненне да такога, здавалася б, эканамічна нявыгаднага ўкладання сродкаў, А. Нікітка запрасіў на сустрэчу прафесара, доктара біялагічных навук, аўтара кніг па гісторыі садова-паркавага мастацтва А. Федарука.

Анатолій Тарасавіч падрабязна, падмацоўваючы свае выказванні слайдамі, расказаў пра асноўныя архітэктурныя помнікі Уздзеншчыны і суседніх раёнаў — той жа касцёл Святога Крыжа, Кальвінскі збор і іншыя пабудовы ў Першамайску, рэшткі сядзібы ў Наднёмане, капліца-піраміда на ўздзенскіх могілках.

Цікава было прадстаўнікам бізнесу пачуць падрабязнасці пра жыццё і дзейнасць славутых землякоў, продкаў, якія мелі дачыненне да ўздзенскага краю — Казімір і Ян завішы, Мікалай і Магдалена Радзівіл, Якуб Наркевіч-Ёдка.

Слухаючы выступленне навукоўца, некаторыя прысутныя ва ўтульным пакойчыку чытальнай залы бібліятэкі ці не ўпершыню ў такім аб’ёме пазнаёміліся з тым неацэнным багаццем, міма якога праходзілі раней побач, не задумваючыся аб яго гістарычнай значнасці.

Як запавет, як сігнал для далейшых дзеянняў успрымалі яны заўвагі, прапановы, парады Анатолія Тарасавіча:

— Вы зрабілі вялікую справу, пра якую будуць успамінаць нашчадкі і праз 10, і праз 50, і праз 100 гадоў. Вас не будзе, а зробленае вамі застанецца. Любіце свой родны край. Тварыце ў імя яго росквіту. Ратуйце ад паступовага ці гвалтоўнага знішчэння ўсё тое добрае, прыгожае, пакінутае розумам і рукамі продкаў хараство. Помніце: без разумення і захавання мінулага ў нас не будзе будучага.

Цёплыя словы падтрымкі ў адрас карыснай ініцыятывы і канкрэтных яе выканаўцаў выказаў вядомы мастак, наш зямляк Алесь Філіповіч.

Дык няхай жа гісторыя ведае прозвішчы тых, хто спрычыніўся да такой важнай справы. А мелі да яе дачыненне, акрамя названых вышэй, А. Сташэўскі, Ю. Лойка, Ю. Панькоў, А. Латыш, А. Серыкаў, А. Шэдаў, В. Пілікевіч, В. Вярбіцкі, А. Русак, С. Пігулеўскі, А. Берасцевіч, С. Коваль, С. Тоўсты, С. Рычык, А. Рабаў, М. Федарынаў, М. Гайкевіч, Г. Суднік, М. Язвінскі, Р. Радненка, А. Хвастоў…

Гэты спіс будзе доўжыцца. Спраў і праектаў, скіраваных на далейшае захаванне духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей, на Уздзеншчыне нямала.

НА   ЗДЫМКАХ: А. ФЕДАРУК задаволены ўбачаным і пачутым на Уздзеншчыне; шыльда для нашчадкаў; група ўдзельнікаў праекта; элемент брамы.

Віктар   САБАЛЕЎСКІ.




Источник: http://www.uzdanews.by/?p=23235
Категория: Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №13 (октябрь - ноябрь) 2013 г.) | Добавил: IstokNemana (14.11.2013)
Просмотров: 1119 | Теги: узденский костел, БРАМА ЯК ПАЧАТАК ВЯЛІКАЙ РАБОТЫ, профессор А.Федорук, Исток Немана | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Copyright MyCorp © 2024
Бесплатный хостинг uCoz