Вторник, 17.10.2017, 11:39

Главная Регистрация Вход
Приветствую Вас, Гость · RSS
Меню сайта
Форма входа
Категории раздела
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №14 (январь-февраль 2014 г.) [4]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №15 (март-апрель 2014 г.) [4]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №16 (май-июнь 2014 г.) [2]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №17 (июль-август 2014 г.) [4]
Поиск
Наш опрос
Какова ваша связь с Узденщиной?
Всего ответов: 102
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
 Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА
Главная » Статьи » Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА 2014 год » Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №14 (январь-февраль 2014 г.)

Ён шчодра выявіў свой Божы дар

Ён шчодра выявіў свой Божы дар


Андруховіч Сцяпан Адамавіч

19.12.1908, в.Губіна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. 5.04.1989 г.Мінск.

Вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1926–1930, аддзяленне жывапісу) у В.М.Руцая, М.Г.Эндэ.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Выкладаў маляванне ў Астрашыцкім Гарадку, у майстэрнях «Белмастак» у Мінску.

Сябра Саюза савецкіх мастакоў БССР з 1949. Удзельнік выставак з 1935. Жыў у Мінску. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах беларускага саюза мастакоў, літаратурным музеі Я.Купалы.


Кажуць, што кожнага чалавека Бог адорвае адмысловым талентам, нікога ў крыўду не дае.

Каму адмерае любові кварту да цёплай веснавой раллі - і атрымліваецца з чалавека выдатны хлебароб, каго спагадлівай пяшчотай да жывёл надзеліць - і вось ужо жывёлавод шчыруе ў нялёгкай долі тых, каго завём мы, людзі, суседзямі ў агульным нашым доме пад назваю прыгожаю Зямля.

Невычэрпныя россыпы самых розных талентаў у душы кожнага з нас ёсць - і толькі ад нас залежыць, якую здольнасць сваю мы будзем развіваць, каб стаць ці настаўнікам, ці прадаўцом, ці музыкантам...

А вось герой нашага сённяшняга допісу Сцяпан Адамавіч Андруховіч вылучыў і шчодра выявіў свой мастакоўскі дар перад людзьмі, не схібіў, не схлусіў, не змарнаваў.

Ды і не мог ён гэтага зрабіць, нават калі б і захацеў. Такая ўжо была датклівая натура ў гэтага таленавітага творцы.

Напоўніцу дыхаў ён прыгажосцю родных краявідаў, захапленнем працай вяскоўцаў, любоўю да нацыянальных традыцый, літаратуры, культуры - і з'яўляліся мастацкія палотны незвычайнай магнетычнай сілы і дасканаласці.

У гэтым годзе 1 студзеня грамадскасць Уздзеншчыны адзначыла 105-гадовы юбілей слыннага жывапісца Сцяпана Адамавіча Андруховіча.

Яго творчасць, як і жыццё, ды і само аблічча, ад першага ж судакранання пачынае вярэдзіць душу, думкі нейкім глыбінным самотным жалем, старанна схаваным глыбока ў патайных нетрах мужнай асобы сапраўднага чалавека - інтэлігента, мужчыны, які цярпліва носіць свой боль, сціскае ягоў мужных кулаках волі і не дае вырвацца вонкі.

Але цалкам зацугляць пачуцці яшчэ не удавалася нікому: і ў партрэтах Сцяпана Адамавіча, нягледзячы на знешні спакой, гарманічную 6лагапрыстойнасць аблічча, вочы выдаюць гэты самы бунтоўны боль, трансфарміраваны ў самотны жаль.

Гэта ж пачуццё літаральна выпінаецца з усіх яго карцін: ці то знакаміты партрэт беларускага песняра Янкі Купалы, ці то пейзажныя замалёўкі, ці то сюжэтныя палотны пра жыццё калгаснай вёскі - і зусім невыпадкова многія наведвальнікі яго выстаў адзначалі надзвычайную магнетычную прыцягальнасць яго палотнаў, магутную энергетычную сілу ўздзеяння на душу чалавека:  "Долго стоял у портрета Янки Купалы. Прекрасная работа..." ,  "Много ещё прольётся слёз у честных любителей искусства на таких вот наших выставках...", "Вось прыклад, як самааддана мастак працуе, узамен нічога не просіць. Ён інакш і не зможа. Сапраўдны Беларус. Адчуваецца вытанчаная асоба..."...

Некаторыя прафесійныя крытыкі-мастацтвазнаўцы, сучаснікі Сцяпана Андруховіча, пісалі ў сваіх водгуках на розныя выставы, быццам вядучая тэма яго творчасці - жыццё калгаснай вёскі, лёс селяніна-беларуса, быццам яна яго вельмі захапляе і хвалюе. Наконт "захапляе" вельмі нават сумняваюся, а вось што "хвалюе" - дык гэта бясспрэчна так і ёсць, бо не пісаў бы ён па некалькі варыянтаў аднаго сюжэта, стараючыся і сваё стаўленне да падзей выявіць, і афіцыйнай тагачаснай ідыялогіі патрапіць.

У выніку атрымліваліся нейкія штучныя, амаль лубочна-фальшывыя карцінкі: праз знешнюю завесу спакою і дабрапарадку прабіваецца ўсё той жа самотны жаль, які выпінаецца на пярэдні план у выглядзе спакойна-велічнага са старанна прыхаванай трывогай вясковага пейзажу, сіратлівага стажка на заднім плане, вытанчанага збаночка на пярэднім у карціне "Пасля працы. Гутарка агітатара"...

I глядач ужо забываецца на людзей, намаляваных на пярэднім плане, а позірк яго - і духоўны, і матэрыяльны - скіроўваецца ўдалячынь.

Нават неба тоіць нешта прыцягальна-таямнічае, вярэдзіць свядомасць. Гэта і ратуе карціну ад поўнага краху і становіцца незразумела: пейзаж гэта ці сюжэтная работа.

Мне падаецца, што малюнак прыроды бярэ першынства, а значыць - пейзаж. Зрэшты, гэта мая асабістая думка, з якой кожны мае права не пагадзіцца.

Возьмем, да прыкладу, карціну ''Летні дзень". Лета ў большасці з нас асацыіруецца з кіпенем фарбаў, з блакітнай празрыстасцю нябёсаў, з кіпучай энергіяй жыцця ў розных яго праяўленнях...

А што бачым на карціне Сцяпана Андруховіча? Неба спрэс зацягнута хоць і не змрочнымі ды ўсё ж шэра-блакітнымі хмарамі, вада таксама нейкая па-восеньскі нерухома-сумная, коні падаюцца абыякава-стомленымі...

I толькі асобныя блікі, відаць, заходзячага сонца ажыўляюць пейзаж, прыцягваюць, гіпнатызуюць, утрымліваюць, прымушаюць задумацца...

Дамінуе мінор і ў карціне "Мінскае мора". Адкуль ён? Чаму мастак выбірае менавіта такі стыль? Што трывожыла яго чулую датклівую душу творцы? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна знайсці ў біяграфіі Сцяпана Андруховіча, у сацыяльным асяроддзі, у якім жыў творца...

"Творчы шлях мастака - багаты. Не ўсё аднолькава-раўнацэннае ў яго творчасці. Бывае, работу губіць нічым не апраўданая стракатасць. Бывае, занадта ўжо заглушае ўсё ў рабоце мінор..." - пісаў крытык Уладзімір Місун.

Але гэта сцвярджэнне асабіста мне падаецца вельмі спрэчным. Якраз непасрэднасцю, разнастайнасцю пачуццяў, праўдзівасцю манеры і прываблівае творчасць Сцяпана Андруховіча.

Ён ні разу не схібіў, не парушыў адзін з самых важных законаў выяўленчага мастацтва: форма абавязкова падпарадкоўваецца ідэі твора.

I тое, што падалося крытыку стракатасцю, мне ўяўляецца праяўленнем стыхійнага прарыву сціснутага абцугамі сілы волі імкнення да праўды, свабоды творчасці...

Відавочная бунтоўнасць творчай манеры мастака. I гэта характарызуе аўтара як чалавека, здольнага на неардынарныя ўчынкі.

Урэшце, толькі такія людзі і становяцца творцамі, але ніяк не паслухмяныя выканаўцы чужой волі, якія выражаюць погляды іншых на акаляючую рэчаіснасць. Нават калі б я зусім нічога не ведала пра жыццё Сцяпана Адамавіча, а ўбачыла толькі партрэт Янкі Купалы, я б смела заявіла, што такі твор намаляваны геніяльным партрэтыстам-псіхолагам, сумленным сынам Айчыны. Увогуле, менавіта партрэты прынеслі яму ўсеагульнае прызнанне і славу.

Жыццё творцы вымяраецца не пражытым часам і нават не колькасцю напісаных карцін, а сілаю ўздзеяння яго таленту на пачуцці людзей, умением прымусіць суперажываць, думаць, аналізаваць, рабіць высновы, падштурхоўваць на пошукі адказаў на складаныя пытанні рэчаіснасці.



"Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА" шчыра дзякуе загадчыцы аддзела сучаснага беларускага мастацтва НММРБ Вользе Архіпавай за дасланыя фотаматэрыялы..



I менавіта гэтымі якасцямі валодаюць карціны нашага слыннага земляка Сцяпана Адамавіча Андруховіча. Цвёрда пераканана, што шчодра выяўлены ім Божы дар будзе бударажыць душы нашчадкаў і праз сто і нават больш гадоў.

Старшы навуковы супрацоўнік Уздзенскага гісторыка- краязнаўчага музея Зоя Калкоўская.


Група беларускіх мастакоў у А.Герасімава (1948)

другі рад (злева) - 1. Андруховіч С., 2. Шаўчэнка А.

першы рад - 2. Радзялоўская Я., 3. Ізергіна Т.,

4. Парахня Д., 5. Тарасікаў М., 6. С.Лі

паміж радамі - 1. Разіна Т., 2. Каткоў С.


З фондаў Уздзенскага г.-к. музея.

Публікуецца ўпершыню.


У майстэрні Бялыніцкага-Бірулі В.

першы рад злева-направа - 1. Лі С., 2. Бялыніцкі-Біруля В., 4. Берковіч М., 5. Ізергіна Т.

другі рад злева-направа - 2. Андруховіч С., 3. Тарасікаў М., 4. Федарэнка Н., 6. Радзялоўская Я., 7. Парахня Д., 9. Разіна Т., 11. Гембіцкі І.



З фондаў Уздзенскага г.-к. музея.

Публікуецца ўпершыню.

Категория: Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №14 (январь-февраль 2014 г.) | Добавил: IstokNemana (10.01.2014)
Просмотров: 548 | Теги: Ён шчодра выявіў свой Божы дар, дер. Губино, Узденщина, Степан Андрухович, Сцяпан Андруховіч | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Copyright MyCorp © 2017
Бесплатный хостинг uCoz