ГЕНЕРАЛ ТАНКАВЫХ ВОЙСК
альбо
Якім ён чалавекам быў.
(да 110-годдзя з дня нараджэння
генерала Навума Іванавіча Букава)
Скупыя звесткі Хронікі Вялікай Айчыннай
вайны, якія мне ўдалося знайсці ў Інтэрнэце, мала што сказалі мне пра
юбіляра-земляка Навума Іванавіча Букава. Мяркуйце самі:
Биография
Крыху
больш можна даведацца з раённай кнігі
Памяць.
БУКАЎ Навум Іванавіч, нарадзіўся 3.7.1903 г.
у в. Сыманчыцы Уздзенскага раёна.
Закончыў ваенную школу. Служыў у Беларусі. У
Вялікую Айчынную з першых дзён на фронце: выходзіў з акружэння, ваяваў пад
Тулай, Масквой, быў цяжка паранены.
Быў камандзірам танкавай брыгады ў складзе
3-га Беларускага фронту, якая атрымала званне Аршанскай і была ўзнагароджана
ордэнам Кутузава.
Званне генерал-маёра атрымаў у ліпені 1945 г. Памёр 15.6.1972 г.
Яшчэ большае ўяўленне пра асобу нашага
славутага земляка даюць матэрыялы з фондаў нашага музея: газеты ваеннай пары,
віншавальныя паштоўкі, фотаздымкі…
Не сказаць каб шмат было тых далёкіх ужо
сведак гераічнага лёсу, але ўсё ж вымалёўваецца
характар неардынарны і прыцягальны.
Перада мною ліст жонкі Івана Навумавіча першаму дырэктару Уздзенскага
гісторыка-краязнаўчага музея Анатолю Мікалаевічу Папко, датаваны 1984 годам,
які дае ўяўленне пра Навума Іванавіча як пра чалавека з загартаваным з
дзяцінства характарам.
Яшчэ б, рана страціўшы бацьку (той памёр у маладым
узросце), хлопец страціў і маці, якая выйшла другі раз замуж і з’ехала жыць з
новым мужам у Мінск, пакінуўшы дзяцей (сына і дачку) на дзеда з бабуляю ў
вёсцы.
У шаснаццацігадовым узросце пасля
смерці бабулі юнак пехам дабраўся ў
Мінск да маці. Ён прагнуў вучыцца і дамогся свайго: паступіў у ваенную школу,
якая знаходзілася на плошчы Свабоды ў Мінску.
Многа гадоў служыў у Беларусі.
Вайна заспела яго ў Пухавічах.
Адступаў разам з іншымі байцамі Савецкай Арміі,
выйшаў з акружэння і атрымаў пад камандаванне полк. Яго ваенная біяграфія
насычана безліччу грунтоўных перамог, якія сведчылі пра яго безумоўны талент
ваеннага палкаводца.
Неаднойчы быў паранены і нават на кастылях рваўся на
фронт.
Нельга не працыціраваць урывак з
пісьма жонкі героя: "Буков был очень скромным человеком. Ему было чуждо самовосхваление. Он
фотографировался без орденов и всегда считал, что всё, что сделано им, обычное
дело. По - другому и быть не могло».
Менавіта таму вельмі мала было фотаздымкаў
ваеннай пары. Тым больш каштоўная памяць пра такога сціплага героя.
Мы звяртаемся да ўсіх, хто хоць чым можа
ўзбагаціць нашы веды і матэрыялы пра земляка-героя, даслаць у Уздзенскі музей
свае набыткі. Недзе ж жывуць унукі і праўнукі Навума Іванавіча і асаблівая
надзея менавіта на іх.
Чакаем вашы водгукі.
Зоя Калкоўская,
старшы навуковы супрацоўнік Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея.
|