Жанчына як сусвет
Графічная спадчына Міхася Рагалевіча
29 верасня Міхасю Вікенцьевічу Рагалевічу
споўнілася б 80 — два гады не дачакаў! Пры жыцці ён стараўся не прапускаць
рэспубліканскіх выставак, і, дзякуючы клопату калег, мы бачылі яго работы ў знакавых
экспазіцыях сучаснага мастацтва Беларусі, такіх, як «Зямля пад белымі крыламі»
(2010) і «Фарбы пераможнай вясны» (2010). Сёлета персанальныя выставы
Рагалевіча пройдуцьу Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага
мастацтва і ў Краязнаўчым музеі Узды. Цікавасць да спадчыны гэтага самабытнага
майстра прымушае зноў і зноў углядацца ў рысы мастацтва, якое, па сутнасці,
яшчэ так мала вывучана і так недастаткова ацэнена.
...Пераглядаем нікім і ніколі раней не бачаны поўны збор графікі Міхася
Вікенцьевіча... Першае адкрыццё і моцнае ўражанне — яго студэнцкія работы:
блізу 50 акадэмічных малюнкаў галоў, пастановак, кампазіцый — экспрэсіўных,
дакладных, віртуозных. Так здольны маляваць майстры, a іх ствараў усяго толькі
студэнт мастацкай вучэльні: напорысты, працавіты і — гэта ўжо відавочна —
надзвычай таленавіты.
У 1960—1970-я гады Рагалевіч распачынае працу над вобразамі сямейнікаў —
жонкі, нядаўна народжанага сына, a потым і дачкі. Гэта дзясяткі серый і сотні
малюнкаў, значная частка якіх выканана ў акадэмічнай манеры, як і пастановачныя
кампазіцыі. Яны пераконваюць у майстэрстве аўтара.
Але як адметны і арыгінальны мастак Рагалевіч пачынаўся ў творах, аддаленых
ад акадэмічных штудый. Яшчэ ў юнацтве, паралельна з грунтоўным засваеннем
тэхнік і прафесійных прыёмаў, Міхась заняўся пошукамі асабістай лініі ў
творчасці і пракладаў свой шлях праз асэнсаванне вобраза жанчыны —
вызначальнага ў беларускай этнічнай культуры.
Мастак-пачатковец хутка фарміраваўся як асоба: сірата з маленства, ён
беспрытульнікам прайшоў вайну, зведаў шмат выпрабаванняўу пасляваенныя гады,
але праз ліхалецце захаваў чалавечую годнасць як галоўную вартасць жыцця і
ўзнёс да вяршынь любоў да маці — ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Рагалевіч успрыняў
яе вобраз як універсальны.як адметны тып беларускай жанчыны, што ўвасабляе
сімвал каштоўнасці сям'і і сямейнага ладу жыцця.
У 2003 годзе, калі Рагалевіч яшчэ працаваў мастаком у Інстытуце фізікі
Нацыянальнай акадэміі навук, у яго майстэрню была наладжана экскурсія
студэнтаў-мастацтвазнаўцаў, што прыехалі на сесію з розных куточкаў Беларусі і
жадалі патрапіць у госці да жывога класіка. Міхась Вікенцьевіч заўжды радаваўся
сустрэчам з творчай моладдзю, ставіўся да іх з адказнасцю, сур'ёзна рыхтаваўся,
кожны раз выбудоўваючы ўздоўж сцен прасторнага фае імправізаваную выстаўку,
якую супрацоўнікі інстытута наведвалі ў «перакурах» паміж працай з ахвотай і
вялікай удзячнасцю. Успаміны пра тую сустрэчу захаваліся ў маёй запісной
кніжцы:
«...На першым паверсе, пры ўваходзе ў інстытут,
моладзь ветліва сустракае невялікага росту чалавек з курчавымі рудымі валасамі,
блакітнавокі, з глыбокімі маршчынамі на твары. Гэта і ёсць Міхась Вікенцьевіч
Рагалевіч. Яго плаўныя рухі запавольваюць запыханую ад хуткай хады грамаду,
пранізлівы позірк нібы ўзважвае — ці зразумеюць, ці змогуць пранікнуццаяго
творчасцю...
Нарэшце бачна: паверыў, даверыць і пакажа... Далей грукат пары дзясяткаў
ног па даўгіх, пакручастых, як лабірынт, напаўцёмных калідорах інстытута ў самы
аддалены яго куточак — там якраз і месціцца майстэрня. Час ад часу на дарозе
сустракаюцца супрацоўнікі, што паважліва вітаюцца з мастаком ды з цікавасцю
паглядаюць услед экскурсантам. Зацягнутасць шляху нарошчвае інтрыгу, яшчэ больш
распальвае цікавасць, нібы ўсе гэтыя складанасці спецыяльна задуманы кімсьці
зверху—каб даць зразумець, што набліжаецца надзвычайны час уваходжання ў
"іншы свет", адрозны ад рэальнага жыцця, у іншае вымярэнне,
сакральнае па сутнасці.
I вось — экспазіцыя! Пасля паўцёмных калідораў фае, у якім яна
размясцілася, падаецца сонечным куфрам, дзе плёскаецца мора святла з вялізных
вокнаў і светлых, колерава яскравых палотнаў мастака. Студэнты прагна
ўглядаюцца ў кожны твор.
Міхась Вікенцьевіч прыслухоўваецца да размоў і дыскусій, час ад часу
перастаўляе творы месцамі, імкну-чыся больш дакладна настроіць тонус гучання
той ці іншай кампазіцыі. Пачуўшы развагі і спрэчкі, ён моўчкі выносіць з
запаснікоў новыя палотны альбо графічныя кампазіцыі, якія, на яго думку, здатны
падтрымаць ці развеяць тое або іншае меркаванне.
Увесь гэты спантанны вернісаж нагадвае чарадзейства, абрад, цырымонію
магічнага кшталту. Натуральны перформанс-імправізацыя — працяг творчага
мыслення, што перасягнула рамы карцін і малюнкаў і распаўсюдзілася на працэс
асэнсавання гледачамі агульнай прасторы творчасці мастака...»
Першая персанальная выстаўка Рагалевіча ў Палацы мастацтва (1983) займала
ўсю прастору выставачнага комплексу, і блізу паловы твораў у экспазіцыі (81)
прадстаўляла графіка. Ужо гэта гаворыць пра тое, што Міхась Вікенцьевіч быў
універсальным творцам. Вялікая колькасць станковых партрэтаў дэманстравала
шырокі спектр мужчынскіх і жаночых вобразаў-тыпаў з яскравымі характарнымі
рысамі беларусаў.
Цяпер, пасля смерці мастака, аналізуючы яго графічную спадчыну,
пераконваемся, што кожны з прадстаўленых на той выставе партрэтаў меў дзясяткі
папярэднікаў. Рагалевіч упарта шукаў вобраз партрэтаванага, які б з першага
погляду «страляў» у гледача сваёй тыповасцю (заўважце — не толькі падабенствам,
якое найменей цікавіла творцу). Важна дадаць: кожны з твораў, што папярэднічалі
выніковаму партрэту, арыгінальны і прафесійна выкананы, але нешта ў іх,
папярэдніх, было такое, вядомае толькі мастаку, што ў нюансах не да канца
адпавядала задуме. Таму яны так і засталіся ў запасніках аўтара і ні разу не
былі паказаны на выставах.
Паралеллю да галерэі тыпаў беларусаў Міхася Рагалевіча выглядае серыя
партрэтаў этнатыпаў (блізу 20 вобразаў) Пётры Сергіевіча — яна была
прадстаўлена на персанальнай выстаўцы мастака 1978 года ў Мінску, апошнія разы
— у экспазіцыях «Ars incognita»
(«Мастацтва Заходняй Беларусі») у Акадэміі навук (лістапад, 2008) і ў Віцебскім
краязнаўчым музеі (ліпень, 2009).
Гэта серыя заўжды атрымлівала самую высокую ацэнку мастацтвазнаўцаў і
гісторыкаў Беларусі і Літвы. Пра яе пісалі, што створаная Сергіевічам на
працягу жыцця партрэтная галерэя ўяўляе сапраўдную энцыклапедыю беларускага
народнага тыпажу, і ў гэтых вясёлых ці насцярожаных, хітраватых ці сумных,
інтэлігентных альбо праставатых тварах можна пазнаць сваіх землякоў, суседзяў і
сваякоў.
Розніца паміж партрэтнымі шэрагамі, створанымі двума беларускімі мастакамі
розных эпох, найперш у тым, што ў Пётры Сергіевіча амаль кожная з намаляваных
асоб мела дачыненне да асяродка беларусаў Віленскага патрыятычнага руху
1920—30-х гадоў, Рагалевіч жа арыентаваўся на тып беларуса-селяніна другой
паловы XX стагоддзя. У астатнім адметнасць этнатыпаў, іх фізічная і вобразная
характарыстыкі выразныя і гістарычна важкія ў абодвух творцаў.
Айчыннае мастацтва ад пачатку сваёй гісторыі не мела аналагаў такіх
мэтанакіраваных, паслядоўных і маштабных штудый падобнага кірунку. 3 прыкладаў
культур бліжэйшых суседзяў прыгадаем бліскучы вопыт у творчасці Яна Матэйкі,
высока ацэнены ў гістарычным кантэксце: мастак займаўся выяўленнем тыпалагічных
і характарных асаблівасцей польскай шляхты, і гэта даследаванне было тэарэтычна
выверана і ідэалагічна падмацавана інтарэсамі польскай нацыі як адметнага
этнасу.
3 гадамі Міхась Вікенцьевіч карэкціраваў і ўдакладняў сваю задачу — шукаў і
выпрацоўваў тыпалогію беларусаў-працаўнікоў. Гэта дзейнасць набыла
фундаментальны характар, на ёй грунтаваўся далейшы творчы пошук Рагалевіча як у
графіцы, так і ў жывапісе. На чарговых выстаўках ён прадстаўляў кампазіцыі з
вобразамі жанчын і мужчын з сярпом, касой, a то і з ганчарным колам, а потым і болып
ускладненыя і разнастайныя сюжэты.
Пошук этнічнай самаідэнтыфікацыі, сувязь тэмы працы чалавека на зямлі з
нацыянальнымі адметнасцямі аб'ядноўваюць гэты пласт творчасці Рагалевіча з
творамі іншых беларускіх мастакоў розных гістарычных эпох ад Рэнесансуда
пачатку ХХ стагоддзя: адлюстраванне сцэны жніва на гравюры з тытульнага аркуша
кнігі «Руф» Францыска Скарыны (1519); сцэны сяўбы, свежавання парсюкоў, працы
лесарубаў і іншыя з каляндарнага цыкла на тэмы сялянскай працы ў розныя месяцы
года ў медзярытах Аляксандра Тарасевіча да кнігі «Rosarium...» (1672); «Жняя»
(1845) Канута Русецкага, «Літоўскія сяляне» (пачатак ХК стагоддзя) Францішка
Смуглевіча і, нарэшце, «Жніво» (1937) Міхася Сеўрука.
На далейшых выстаўках не падлягалі карэкцыі толькі вобразы беларусачак.
Маляваныя наўпрост, пагрудна, без усялякіх кампазіцыйных і тэматычных дадаткаў
і аздобаў, яны не гублялі для мастака актуальнасці, ствараючы іх, Рагалевіч
дасягнуў найвышэйшай ступені выяўленчай знакавасці. Шлях да тыпалагічнай
дасканаласці пракладаўся праз усё жыццё, найперш — праз сюжэтную і абрадавую
этнатыпалогію, засвоеную з беларускага фальклору.
Першым крокам у даследаванні жаночых этнатыпаў для Рагалевіча стала
засваенне архетыпу «жанчына з даўгімі валасамі». Вядома, што ў беларускай народнай
абрадавасці жаночым валасам надавалася вялікае значэнне: з непакрытай галавой
магла хадзіць толькі дзяўчына, доля жанок — намітка, хустка, кругляк, чапец (у
выніку гэты нюанс знайшоў адлюстраванне ў канчатковых выявах Рагалевічавых
«Беларусачак», маляваных у хустках і намітках).
Напачатку была вялікая колькасць малюнкаў проставалосых дзяўчат пад дэвізам
«Русальныя». Працу і пошукі ў гэтай тэме мастак працягваў усё жыццё (на
сённяшні дзень захавалася 27 аркушаў серыі). Калі першью творы насілі абстрараваны,
умоўны характар, то ў наступных Рагалевіч адштурхоўваўся ад характарнай
тыпалогіі спачатку жонкі, потым пасталелай дачкі.
Але канкрэтыка рыс была ўсяго толькі абалонкай, кропкай адліку, трамплінам,
адштурхнуўшыся ад якога, творца заглыбляўся ў архетып, напаўняючы вобраз
філасофскім, метафізічным зместам. У гэтай серыі мастак імкнуўся дасягнуць
магічнага хараства выявы, і гэта яму ўдавалася. Асабліва ў малюнках, дзе галава
жанчыны паказана ў руху, у паўпавароце, дзе крыху прыўзняты падбародак нібы ўздрыгвае
ў парыве пачуццёвасці. Прыцягальнасць вобраза ўзмацняе задуменны, пры гэтым
выразна характарны позірк дзяўчыны, поўны годнасці і ўзнёсласці.
Серыю «Жанчына з даўгімі валасамі» («Русальныя») дапаўняе блізкі выяўленчай
фабулай, надзвычай архаічны і не менш этназнакавы комплекс вобразаў «Дзеўка
касу часала», дзе гераіня сюжэтаў грабеньчыкам расчэсвае даўгія валасы.
Мяркуючы па ўсім, гэтыя важныя тыпалагічныя арт-тэмы Рагалевіч здолеў выявіць з
народных песень.
Пошукі ў вызначэнні архетыпу захаваліся ў сямі вельмі разнастайных і
стылістычна адрозных графічных аркушах, кожны з якіх па-свойму незвычайны.
Шкала гэтых пошукаў вагалася ад натуралістычнай вобразнасці і наіўных
афармляльніцкіх прыёмаў дызайну савецкіх 1960-х да магутных энергетыкай выяў у
стылі экспрэсіянізму.
Акрамя тэматыкі, аб'ядноўваюць серыю дастаткова блізкія адно да аднаго
кампазіцыйныя вырашэнні кожнага з аркушаў. У самых цікавых прыкладах Рагалевіч
спалучаў абрадавы сэнс з віртуознай і яскрава характарнай мадэліроўкай
аголенага жаночага цела — гэта адна з вяршынь ягоных пошукаў як у дадзенай
серыі, так і ва ўсёй графічнай спадчыне мастака ў цэлым.
Завяршае цыкл двух папярэдніх этнакомплексаў серыя «Берагіня» — 12
графічных кампазіцый з прыцягальнай мелодыкай вобразаў і пераканаўчым
жыццялюбствам. Гэта самы архаічны па змесце выяўленчы комплекс у прасторы ўсёй
творчасці Міхася Рагалевіча.
У серыю ўвайшло па шэсць аркушаў з 1968 і 1978 гадоў: першыя выкананы
сангінай, другія — у тэхніцы алоўкавага малюнка. 3 аднаго боку, гэтыя творы напоўнены
захапленнем ад цуду нараджэння новага жыцця, калі цяжарная жанчына становіцца
аб'ектам шчырага замілавання і ўзнёслага пачуцця. 3 другога — у іх відавочныя
цвярозасць і аб'ектыўнасць мыслення творцы, калі заўгодна — смакаванне пластыкі
і мілагучнасці аб'ёмаў ды ліній цела цяжарнай, неспасціжна заглыбленай у сябе,
а разам з гэтым — у прасторы Сусвету.
У гэтай серыі малюнкаў Рагалевіч упершыню атаясамлівае жанчыну-маці з
дрэвам. Гэта мастацка-вобразная паралель становіцца вызначальнай ідэаграмай усёй
творчасці мастака: постаці людзей знітаваны з выявамі дрэў, якім надаецца роля
выразнікаў пачуццёвага ладу мыслення чалавека. Таму вельмі часта чалавек
малюецца прыхіленым да дрэва або з рукамі, нібыта пераплеценымі з яго галінамі.
Мастак пашырае семантыку вобраза дрэва, звязвае яе з паняццем «сям'я»,
спалучаючы выявы дрэў з сюжэтамі гарманічнага сямейнага побыту ў агульным
замкнутым кампазіцыйным вобразе («Восень», 1980; «Збіраюць яблыкі», 1981).
Паглыбляючыся ў запаралеленасць жыццёвых калізій дрэў і людзей, мастак у рэшце
рэшт адмаўляецца ад абавязковасці адначасовага існавання ў прасторы твора
чалавека і дрэва.
Нараджаецца серыя кампазіцый, дзе ўся гама людскіх перажыванняў — ад
вялікіх трагедый ( «Пра час і пра сябе», 1992) да прасветленых медытацый
шчаслівага чалавека («Яблыня ў квецені», 1989) — давяраецца мастацкай
вобразнасці выявы таго або іншага дрэва, стыхіі перапляценняўяго галін, гучанню
музыкі колераўяго цвіцення і лістоты, яго кантрастам або ідылічнай гармоніі з
навакольнай прыродай.
...I жывапіс, і арыгінальная, адметная графіка Міхася Рагалевіча наталяліся
з адной крыніцы — унутранага свету чалавека, які здолеў адчуць і раскрыць
прыярытэты духоўнасці свайго народа.
Выразным сведчаннем гэтаму выступаюць тры надзвычай архаічныя па сутнасці
графічныя цыклы мастака «Жанчына з даўгімі валасамі», «Дзеўка касу часала» і
«Берагіня», што паказалі імкненне Рагалевіча ад пачатку творчасці выходзіць за
межы рэчаіснага свету і індывідуальных пачуццяў, імкнучыся да тыпалагічных
абагульненняў тэм жыцця і намацваючы іх этнічную сувязь са спрадвечным
комплексам этнагенезу беларусаў.
Да Міхася Вікенцьевіча, гэтак жа як і пасля яго, мала хто ў сучасным
мастацтве Беларусі ставіў перад сабою падобныя задачы. Але творчае дасягненне
Рагалевіча не знайшло выхаду на выставачныя пляцоўкі: ён распачаў свае пошукі ў
той перыяд творчасці, калі яшчэ вельмі сціпла ўдзельнічаў у выставачных
працэсах краіны, да таго ж, гэта былі часы росквіту сацрэалізму, які вітаў
маштабныя палотны на індустрыяльную або ваенную тэматыку, — сціплая па памерах,
камерная паводле гучання графіка не ўпісвалася ў стэрэатыпныя патрабаванні
выстаўкамаў, таму так і засталася пыліцца ў архівах мастака, не запатрабаваная
часам...
Таццяна Гаранская
"Мастацтва” 9 верасня 2012 г.
Источник: http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&DomainName=mast&id=1027 |