Воскресенье, 28.05.2017, 18:23

Главная Регистрация Вход
Приветствую Вас, Гость · RSS
Меню сайта
Форма входа
Категории раздела
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №1 (октябрь 2012 г.) [11]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №2 (ноябрь 2012 г.) [20]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №3 (декабрь 2012 г.) [10]
Поиск
Наш опрос
Ваше отношение к размещению на Узденщине предприятия по утилизации люминесцентных ламп?
Всего ответов: 34
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
 Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА
Главная » Статьи » Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА 2012 год » Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №3 (декабрь 2012 г.)

Известные люди Узденщины. Алесь Филиппович, художник-живописец


Уступ

"Сярод уздзенцаў ходзіць такая легенда:

…Ідуць тры вандроўнікі, ідуць дзень, ідуць ноч, а песня не змаўкае. Хтосьці іграе, хтосьці спявае, а хто іграе і спявае – не відаць.

-         Вецер у лясных барах гудзе, - сказаў адзін з іх.

-         А можа, Нёман на перакатах булькоча? - засумняваўся другі.

-         Не, гэта калоссе ў полі звініць, - паправіў трэці, самы малодшы.

Хто з іх меў рацыю? Напэўна, усе. Бо сапраўды, тут спявае ўся зямля гамоняць лугі,  лясы, пералескі.

Можа, і сапраўды таму так свабодна і шырока струменіцца і другая – творчая -  рака” [6, 284].

Уздзенскі край з’яўляецца краем творцаў. Ён сапраўды славіцца вядомымі прадстаўнікамі творчых прафесій: пісьменнікамі, паэтамі, артыстамі, мастакамі.

Сярод літаратурных дзеячоў вядомы  Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Лідзія Арабей, Пятро Глебка, Алесь Пальчэўскі, Алесь Якімовіч, Антон Бялевіч, Васіль Гурскі, Язэп Мазуркевіч, Васіль Шырко, Кастусь Шавель.

 На Уздзеншчыне нарадзіліся таксама артысты Анатоль Міхайлавіч Трус і Леанід Паўлавіч Валчэцкі.

Зямля ўздзенская дала рэспубліцы многіх дзеячоў мастацтва. Гэта Сцяпан Адамавіч Андруховіч, Іван Аляксандравіч Салавей, Юзаф Вульфавіч Пучынскі, Уладзімір Віктаравіч Ткачоў, Міхаіл Вікунцьевіч Рагалевіч, Яўген Савельевіч Зак і інш.

У дадзенай працы я хацела бы паведаміць аб жыццёвым і творчым шляху мастака-жывапісца,  Аляксандра Міхайлавіча Філіповіча (Алеся Філіповіча), які працуе ў жанры гістарычнай карціны, партрэта, краявіда, нацюрморта.

Сёння ён жыве і працуе на радзіме дзеда і маці, у бацькоўскім доме ў вёсцы Куль Уздзенскага раёна. Шмат успамінаў Алеся Філіповіча звязаны з вёскай Сямёнавічы і Сямёнавіцкай сярэдняй школай.

Яго дзядзька, Чыгір Канстанцін Міхайлавіч, быў завучам школы 17 год  і выкладаў рускую мову і літаратуру, тут працавала і яго дачка, Тамара Канстанцінаўна.

Алесь Міхайлавіч  вярнўся на радзіму маці са сваёй сям’ёй, і сёння ў Сямёнавіцкай сярэдняй школе працуе настаўніцай нямецкай мовы і бібліятэкарам  яго жонка Філіповіч Людміла Васільеўна, тут жа вучацца дзве дачкі, Марыля і Ружана.

 

Жыццёвы і творчы шлях мастака

Алесь Міхайлавіч Філіповіч нарадзіўся 2 мая 1959 года ў г. Мінску. Як толькі хлопчык навучыўся трымаць у руках аловак і пластылін, заняткі маляваннем і лепкай сталі яго любімымі заняткамі.

Алесь шмат часу праводзіў на вёсцы, куды прыязджаў з бацькамі.

 Вобразы прыроды, жывёл, птушак, пабачаныя там, надоўга заставаліся ў памяці хлопчыка. Ён маляваў іх, а фігуркі з пластыліну выглядалі вельмі натуральна.

У дзіцячых яслях, калі яму было 3 гады, выхавацелі захапляліся яго маленькімі творамі і называлі яго маленькім скульптарам.

Часам здаралася так, што бацькі былі вымушаны пакідаць хлопчыка аднаго на полову дня. Яны давалі яму ў рукмі кавалачак пластыліну. Бацькі былі спакойныя, яны ведалі, што занятак на гэты час быў яму забяспечаны.

Вялікую ролю ў атрыманні мастацкай адукацыі адыгралі бацькі Алеся, асабліва тата, які прывёў яго ў мастацкую школу. Але экзамены па малюнку і жывапісу былі ўжо завершаны.

Каб не засмучаць сына, тата папрасіў дырэктара, каб Алесь проста памаляваў кампазіцыю. Алесь сеў за мальберт, і час спыніўся.  Ён з захапленнем маляваў заснежаны лес і змаганне волата-лася, якога атачылі ваўкі. Пасля гэтай кампазіцыі яго без іншых іспытаў прынялі ў мастацкую школу.

 Ітак, ва ўзросце 11 год Алесь стаў наведваць Мінскую дзіцячую мастацкую школу, што на вуліцы Энгельса. Яго настаўнікам быў Ткачэнка Уладзімір Аляксандравіч. Самым жорсткім пакараннем ад бацькоў за якую-небудзь правіну была забарона наведваць мастацкую школу. Мастацкую школу юнак скончыў у 1974 годзе.

 1975 годзе Алсь паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча на пелагагічнае аддзяленне. У вычылішчы было зусім іншае стаўленне да навучэнцаў у параўнанні з сярэдняй школай. З навучэнцамі педагогі абыходзіліся з павагай, як з малодшымі калегамі.

Тут ўпершыню Алесь пачаў  выязджаць на эцюды за межы Беларусі: у Карэлію, у Архангельскую вобласць. У такія паездкі Алесь ездзіў са сваім сябрам, аднагрупнікам Міхаілам Паповічам.

Алесь Міхайлавіч падзяліўся са мной цікавым ўспамінам: "Мне вельмі хацелася пабачыць  у Маскве славутую Трэцьякоўскую галерэю, пабачыць у арыгінале сваіх любімых мастакоў.

Мой дваюрадны брат Міхась Чыгір вучыўся ў Вайсковай Акадэміі і жыў у Маскве. Ён сустрэў мяне на вакзале, і ў першы ж дзень я вырашыў наведаць Трэцьякоўскую галерэю. Быў люты мароз. Пакуль яе шукаў, я акалеў. Амаль пад самае закрыццё я знайшоў яе ў Лаўрушынскім перавулку.

Калі я стаяў там перад палотнамі вялікіх мастакоў, я плакаў – так моцна адыходзілі ад марозу рукі і ногі. Але уражанне ад карцін было не меншае, калі параўноўваць мой стан у духоўным плане. Па сённяшні дзень Трэцьякоўская галерэя для мяне самая любімая, як першае каханне”. У вучылішчы былі цудоўныя настаўнікі: В. Васільеў, А. Калюжны, Я. Каробушкін, А, Малішэўскі. У 1979 годзе Алесь скончыў вучылішча і працаваў у школе настаўнікам малявання і чарчэння.

У 1983 годзе Алесь паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне станковага жывапісу. "У параўнанні з вучылішчам, прыгадвае мастак, -  вучоба ў інстытуце была больш цікавай, прафесійная падрыхтоўка была на некалькі парадкаў вышэйшай. 

Творчая атмасфера і асяроддзе часам давалі болей чым самі выкладчыкі, мы вучыліся адзін у аднаго. Настаўнікі  з любоўю і вялікім талентам навучалі нас многім тонкасцям жывапіснага майстэрства, яны вучылі не толькі маляваць, але і жыць у згодзе са сваім сумленнем”. Правучыўшыся ў інстытуце некалькі год, Алесь пайшоў служыць у Армію. У  войска быў прызваны як раз за адзін дзень да таго, як адбыўся выбух на Чарнобыльскай АЭС, а частка знаходзілася ў Кіеве.

Вярнуўшыся з войска, Алесь аднавіў вучобу ўжо ў Акадэміі мастацтваў (к таму часу інстытуту прысвоілі званне Акадэміі). Новая група, новыя настаўнікі і новыя ўражанні. Звычайнае студэнцкае жыццё. "Аднойчы, стоячы ў вестыбюлі, я разглядаў стэнд з фотаздымкамі студэнцкіх паходаў, - прыгадвае Алесь Міхайлавіч, - і пільна ўглядаючыся ў горны краявід, пачуў ззаду голас: "Ну, што, падабаецца?”. Гэта быў наш настаўнік, Расціслаў Міхайлавіч Раманко. Тут мы і пазнаёміліся.”Ну, што, хочаш пайсці у паход?”, спытаў ён. А я і марыць пра такое не мог. Так пачаліся мае новыя вандроўкі па былому Савецкаму Саюзу, якія ўзначальваў наш дэкан мастацкага факультэта. Гэта былі незабыўныя па сённяшні дзень чароўныя, казачныя прыгоды.

 

Велічная, яшчэ не бачаная  мной прырода Цянь-Шаня, Байкала і Прыбайкалля, новыя чалавечыя адносіны, якія ў складаным паходзе адкрываюцца новымі гранямі характараў. У складанейшых сітуацыях агаляецца ўсё чалавечае нутро. У гэтых сітуацыях група становіцца адным цэлым, і без дапамогі сяброў можа здарыцца непапраўнае.

Тады становіцца зразумелым, чаму людзі імкнуцца  ў складанейшыя вандроўкі, часам рызыкоўныя для жыцця. Таму што там, у гарах, адбываецца ачышчэнне чалавека ад усяго другаснага.

Там бліжэй да Бога, і калі раптам спускаешся ў гэты свет, уражвае наплыў суеты, бруду,  хлусні і няшчырасці чалавечых адносін, якія б там, на версе, былі б проста немагчымымі. Але праходзіць колькі часу, і рэчаіснасць бярэ сваё, чалавек звыкаецца з усім, і толькі светлымі ўспамінамі ўсплывае ў розуме велічная чысціня, зробленая Творцай, і тады кладуцца на палатно тыя вобразы, якія давялося ўбачыць, і сваім сціплым умельствам занатаваць у карціне. Тыя вобразы і пачуцці вельмі часта наплываюць ізноў. Тады бачыш нябачнае і прадбачыш будучае”

Поўны новых уражанняў Алесь пачынаў вучобу ўжо на наступным курсе, а там быў ужо новы настаўнік Віктар Аляксандравіч Грамыка (народны мастак Беларусі), які вучыў не толькі пісаць і кампанаваць, і пад кіраўніцтвам якога ён не толькі пісаў і маляваў, але і чуў аповеды з яго багатага жыцця.

Часам Віктар Аляксандравіч распавядаў  пра ваеннае ліхалецце і эпізоды змагання з ворагам. А ў той час Алесь працаваў над "малой карцінай”, кіраўніком якой быў Грамыка, і ён проста захапляльна пасказваў аб эпізодах свайго партызанскага жыцця.

Гэтыя цікавыя аповеды вельмі ўражвалі, і паўставалі карціны таго складанага, поўнага небяспек жыцця.  Усе свае ўспаміны ад дзяцінства да сталасці ён аб’яднаў у адной  кнізе "Радуга над дорогой”. "Праз некалькі год пасля завяршэння вучобы ў Акадэміі я пачуў па радыё, як чыталі гэтую кнігу "Радуга над дорогой”, - распавядае Алесь Міхайлавіч, -  і прыгадаў, што некаторыя раздзелы з гэтай кнігі я чуў уласна ад Віктара Аляксандравіча.

Я быў у захапленні ад пачутага, набраў нумар  былога настаўніка і падзякаваў яму за гэтую захапляльную і праўдзівую аповесць пра жыццё нашага народа, бо, на мой погляд, тое, што выйшла з-пад пяра вялікага мастака, атрымалася не горш за яго велічныя, эпічныя палотны, прасякнутыя шчымлівай любоўю да роднага краю і народа Беларусі. Дзякуй Богу, ён жывы і па сёння! Падзяка яму і нізкі паклон!”

Далей, на іншых курсах былі новыя настаўнікі. Алег Маціевіч – цудоўны каларыст і майстар кампазіцыі. Ён мог выдатна патлумачыць і нават паказаць, як стасуюцца на палатне колер і танальнасць, рытм і прастора, і многае іншае, што проста неабходна дзеля адукацыі мастака.

Дыпломным кіраўніком Алеся, а дыплом рабілі на 6 курсе, быў загадчык катэдры жывапісу Аляксей Антонавіч Марачкін.

У гэтыя часы ўжо ў поўнай ступені пачынаў адчыняцца занавес вялікай беларускай гісторыі.

Пачалі знікаць белыя плямы беспамяцтва, навязанныя нам. Адметна, што гісторыяй Алесь захапляўся ўвесь час, з самага маленства.

І адкрыўшы дзеля сябе гісторыю нашага края, больш ні пра што не мог і думаць. Алесь Міхайлавіч адзначае: "Трэба сказаць, што к гэтаму часу я даведаўся пра свой радавод, які мой бацька ведаў да сёмага калена. Шмат месяцаў я праводзіў у Вільні, пішучы эцюды, дзе, як аказалася, мой дзед, Сяргей Філіповіч, яшчэ ў царскім войску служыў пісарам. А з Віленсккага і іншых архіваў я даведаўся, што род наш вельмі старажытны і паходзіць з 15 стагоддзя.

І, перабіраючы на  той час не ведамые шырокаму колу людзей старонкі гісторыі, я натрапіў на факт змагання нашых прашчураў за годнасць народа і незалежнасць краіны”.  Менавіта бітва на Уле 1564 года, дзе невялікім беларускім войскам пад началам гетмана Радзівіла Рудога была спынена агрэсія Маскоўскага цара Івана Жахлівага, менавіта гэты эпізод гісторыі натхніў Алеся на напісанне дыпломнай працы.

"Пасля захопу Полацку Іван Жахлівы марыў ужо пра ўсю Літву. У пачатку 1564 года дзве раці рушылі ў паход. Першую, у 24 тысячы ваяроў, якая выйшла з Полацка, узначаліў князь Пётр Шуйскі… А другая 50-тысячная раць на чале з князем Пятром Сярэбраным выступіла з Вязьмы. Каля Оршы на Друцкіх палях яны павінны былі злучыцца, а пасля ісці на Менск, Навагрудак і Вільню… Мікалай Радзівіл з шасцітысячным войскам рушыў насустрач ворагу. Літвіны выйшлі да Улы на Іванскія палі.

Сам Мікалай Радзівіл так апісваў бітву у лісце да Чорнага: "…Калі згаданы ваявода (Шуйскі) са сваім войскам выйшаў з лесу ў поле, што ляжала каля Улы, я з другога боку, з Лукаўскага лесу выйшаў на тое ж поле. Дарэчы, ён перада мною і маім войскам меў значную перавагу не толькі ў занятай пазіцыі, але і ва ўсіх іншых адносінах, чым і скарыстаўся. Калі ж я выступіў з лесу, уведамлёны аб усім маімі віжамі, дык ён, ведаючы аб маім прыходзе, чакаў мяне на палове поля, а другую палову аддаў мне і майму войску і не зрабіў належныя загады. Пасля, даручыўшы сябе і войска ўсемагутнаму Богу і з цвёрдай надзеяй на яго, я пачаў бітву. Скажу, што вораг разбіты мною дазвання… Мы думаем, загінула дзевяць тысяч чалавек. Сам ваявода, убачыўшы паражэнне перадавога палка, пабег да Полацка. Маскоўскія палонныя паведамляюць, што іх войска было да 20 000…Адным словам, па дабраце і міласэрнасці Усявышняга Шуйскі пераможаны мною і, ратуючыся ўцёкамі, пакінуў на полі сечы ўвесь свой абоз у пяць тысяч вазоў. Сярод нашых забіта не больш за 20 чалавек, але паранены ад шасці да сямі рот…” [11, 208-210].  

Але трэба зазначыць, што штуршком да гістарычнай тэматыкі паслужыла другая падзея. Алесь Михайлавич прыгадвае: "Калі я яшчэ вучыўся ў вучылішчы, я праязджаў верхам на кані на абрыве Нёмана. Быў адвячорак. Нёман рабіў у плыні сваёй абыход сваіх уладанняў. Падмытыя плынню хвойкі, кінутыя ў ваду. Нейкія  яшчэ віселі на сваіх каранях, гатовыя абрынуцца ўніз. Бразгат цугляў, пафыркванне каня раптам перанесла мяне ў іншы час: я ўбачыў бойку, дзе секліся збройныя ваяры і кідаліся ў вір, бачыў, як лілася кроў. І здавалася, я чуў крыкі  і стогны.

Гэта было нагэтулькі ашэламляльна, што я, прыехаўшы ў Куль, пачаў нешта крэмзаць у альбоме, занатоўваць свае відзяжы. Нічога путнага не атрымалася. Я адчуваў, што нешта тутака здарылася, але хто і з чаго тутака біўся, мне было не зразумела.

Нехта расказваў аб падзеях мінулага, але дакладных звестак я не меў. Аднойчы я пайшоў у  Мінскі гістарычны музей, і навуковы супрацоўнік, нажаль прозвішча якога я не памятаю зараз, расказаў, што ў 1235 годзе тут, ля вёскі Магільна, адбылася бітва.

"Першае ўпамінанне пра Магільна аддалена да ХІІІ стагоддзя, дакладней да 1235 года (па другіх звестках да 1284 года). Яно звязана з бітвай паміж войскамі вялікага князя літоўскага Рынгольда і паўднёварускіх князёў, на баку якіх выступалі і татара-мангольскія заваёўнікі. Магільна адзначана ў аўтарытэтных крыніцах: "Іпацьеўскім летапісе”, "Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай” і " Хроніцы Быхаўца”. Згодна з "Хронікай Літоўскай” бітва пад Магільна адбылася ў 1284 годзе.

Прыводзім апісанне яе па "Хроніцы Быхаўца”: ”І згаварыліся паміж сабой князі рускія пачаць барацьбу супраць вялікага князя Рынгольда, маючы намер сагнаць яго са сваіх вотчын, рускіх гарадоў, перш за ўсё Святаслаў Кіеўскі і Леў Уладзімірскі і Дзмітрый Друцкі. Сабраўшыся, усе трое са сваімі палкамі пайшлі супраць вялікага князя Рынгольда. І ўзялі тыя князі рускія на дапамогу сабе ад цара Заволжскага некалькі тысяч татараў. І князь вялікі Рынгольд сустрэў іх на рацэ Нёмане ля Магільна і быў з імі бой люты, і біліся паміж сабой вельмі моцна, пачаўшы рана раніцою і да самага вечара. І памог Бог вялікаму князю Рынгольду, які разграміў князёў рускіх і ўсю сілу іх і арду татарскую ўшчэнт, і сам, атрымаўшы перамогу, з вялікай весялосцю, здабыўшы золата і срэбра і шмат скарбаў, вярнуўся дахаты і жыў шмат гадоў у Навагрудку, і памёр, а пасля сябе пакінуў на Навагрудскім княжанні свайго сына Міндоўга” [6,102].

Гэтая тэма бітвы распрацоўваецца Алесем па сённяшні дзень.

 

 

У 1993 годзе Алесь абараніўся і атрымаў дыплом. Яшчэ ў час студэнцтва яго запрашалі выкладаць у ліцэі імя Ахрэмчыка. Як толькі Алесь скончыў Акадэмію, ёні прыняў запрашэнне і пачаў выкладаць. У ліцэі ён зрабіў адзін выпуск, усе яго навучэнцы паступілі ў Акадэмію мастацтваў. У гэтай навучальнай установу Алесь працаваў на працягу 10 год.

Але ўвесь час, працуючы ў ліцэі, яго неверагодна цягнула на радзіму бацькоў. Асірацела хатка яго дзеда, у якой выраслі ўсе пакаленні яго радні. Усё парасло хмызняком і бур’яном.

"Калі аднойчы шлях да ганку я расчышчаў сякерай, - прыгадвае Алесь, -  мне стала так балюча, што ўсё лепшае і дарагое, што заклаў ва мне Гасподзь праз гэты родны куток, загіне, у мяне ўзнікла думка  пераехаць сюды са сваёй сям’ёй. Мы спрабавалі наездамі  расчышчаць руіны старых пабудоў, рабіць рамонт у хаце, але гэта прыносіла невялікі плён. І аднойчы на сямейным савеце мы вырашылі ўсё ж такі пераехаць на вёску, што і адбылося летам 2009 года. 

К таму часу у нас было 2 малых дачушкі. Хочацца адзначыць, што вясковы быт – гэта вельмі складаны механізм, і гарадскому жыхару спасцігнуць яго вельмі складана: прыходзіцца балансаваць паміж творчасцю і гаспадаркай, хаця адно другое вельмі гарманічна дапаўняе.”

І адразу Алесь пачаў рабіць выставы, запрашаць сяброў, ладзіць пленэры, аб чым сведчаць публікацыі ў прэсе. За гэты час Алесь Міхайлавіч напісаў шмат карцін, з яго лёгкай рукі былі праведзены некалькі персанальных выстаў, ладзіўся пленэр, потым пачаліся рэгіянальныя выставы ў іншых  раёнах, сумежных з Уздзенскім: у Слуцку, Капылі, Пухавічах. Гэтую ідэю зараз падхапіла некалькі мясцовых мастакоў.

Хацелась бы больш падрабязна спыніцца на выставачнай дзейнасці Алеся Міхайлавіча.

Першая ўсесаюзная выстава маладых мастакоў, якая адбылася ў 1982 годзе, стала пачаткам выставачнай дзейнасці мастака. Ён прымаў удзел у шматлікіх нацыянальных і міжнародных мастацкіх выставах у Беларусі, Літве, Польшчы, Германіі, Францыі, Італіі, Расіі. Карціны знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Амерыкі, Канады, Англіі, Расіі, Украіны, Германіі і Літвы.

Партрэт народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча знаходзіцца ў Беларускім нацыянальным Гудзевіцкім музеі.

У Слуцкай карціннай галерэі знаходзіцца карціна "Восень”, падараваная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам на "Дажынках-2005”. "Нядаўна Слуцкай карціннай галерэі перададзены захапляльны краявід мастака "Восень” з вельмі моцнай, насычанай энергетыкай, якая нібы зыходзіць ад раскідзістага магутнага рэліктавага дуба-волата (мабыць, убачанага дзесьці на прасторах Уздзеншчыны).

Для ўпрыгожвання інтэр’ераў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі экспертамі Міністэрства культуры былі таксама адабраны некалькі лірычных пейзажаў А.Філіповіча” [9, 16].

У 2003-2004 годзе у Мінску прайшлі персанальныя выставы, прысвечаныя 450-годдзю рэфармацыі ў Беларусі.

У 2003 годзе Алесь Міхайлавіч прымаў удзел у выставе ў г. Альберабэлла (Італія).

У 2007 годзе мастак ўдзельнічаў у Рэспубліканскай мастацкай выставе "Мастацкія каласавіны”, а ў 2009 годзе у Рэспубліканскай мастацкай выставе "Калядны фэст”.

Адной са знакавых культурных падзей і пачаткам выставачнай дзейнасці на Ўздзеншчыне стала персанальная выстава Алеся Міхайлавіча на прыканцы 2009 года, прысвечаная 50-годдзю з дня яго нараджэння.

 "Мастацтва не ведае межаў, але толькі вернасць сваёй маленькай радзіме дапамагае чалавеку ствараць сапраўдныя шэдэўры.

І толькі вялікае мастацтва ў любы момант здольнае сціснуцца да памераў цеснага пакоя і сабраць у чатырох сценах разнастайныя эпохі, перавярнуць з ног на галаву ўсе геаграфічныя паняцці. Менавіта такая метамарфоза адбылася ў раённым краязнаўчым музеі, дзе адкрылася выстаўка нашага земляка Алеся Філіповіча… Кожная карціна мае свой лёс, сваю гісторыю.

"Сеча” – маштабнае палатно пра адну з самых слаўных і ісамых невядомых старонак нашай мінуўшчыны…Твор "Залаты век” узнік ўжо на стадыі падрыхтоўкі палатна. На каляровым грунце раптам праступілі абрысы, у якіх аўтар убачыў заснежаныя дрэвы, крутыя сумёты і высокую светлую царкву, якая дакранаецца купалам да яркага неба… Карціна "Вясна”, на якой лясная сцежка на Куль выглядае казачнай дарогай, стала лепшай дэманстрацыяй таго, на што можа натхніць мастака мясцовая прырода…” [3, 2] "Самабытная творчасць Алеся Філіповіча, жыццялюбівая па характары, рамантызаваная па стылістыцы, закранае адвечныя ісціны, даючы магчымасць адчуць кроўнасць сваіх каранёў, успрымаць навакольны свет гарманічна, нібы вачыма дзіцяці” [8, 9] .

Наступнай рэгіянальнай выставай была выстава "Жыцця імгненні”, якая адбывалася ў красавіку 2010 года ў горадзе Слуцку.  "А.М. Філіповіч – мэтр пейзажу – вядомы і як партрэтыст. На выстаўцу прадстаўлены некалькі работ, пра якія з асаблівай цеплынёй распавядае мастак. Партрэт нашага земляка, жыхара вёскі Замосце Аляксандра Федаровіча ён пісаў па малюсенькім дакументальным фотаздымку, уяўляючы хлебароба на палетках збажыны. Дарэчы, са Случчынай у А.М. Філіповіча ёсць трывалая сувязь: у слуцкай гімназіі вучыліся тры яго дзядзькі – два з іх загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, Алеся Міхайлавіча цікавіць гісторыя Случчанскага краю. Спадчына, гістарычнае мінулае знаходзяць адлюстраванне ў творчасці жывапісца” [7,16].

21 мая 2010 года ў Уздзенскім раённым краязнаўчым музеі  адбылося свята, прысвечанае Дню сям’і і Міжнароднаму дню музеяў. "А ў наступнай зале іх чакала яшчэ большае ўзрушанне. Выстаўка адной карціны – так арганізатары назвалі чарговае свята для душы. У цёмным пакоі гарэў усяго адзін ліхтар. Ціхае святло, накіраванае на твор Алеся Філіповіча, стварала містычны арэол. Быццам з глыбіні вякоў паўстала самае знакамітае месца Уздзеншчыны – Кухціцкая сядзіба. Расказ мастака пра гісторыю стварэння карціны, пра жыццё Радзівілаў і Завішаў у мяккім змроку гучаў асабліва пранікнёна” [4, 9].

Алесь Міхайлавіч дзеліцца сваімі разважаннямі: " Для беларускай справы кухціцкая Магдаліна Радзівіл (Завіша) зрабіла намнога болей, чым нават Нясвіжскія Радзівілы, бо Магдаліна Радзівіл фундавала беларускую справу”.

"Завішанскі герб "Лебедзь” захаваўся на доўгія гады. І не толькі на кніжачцы Максіма Багдановіча, а і на выбраных творах Ядвігіна Ш., Канстанцыі Буйло і, магчыма, іншых творцаў. Праўда, аб дачыненні уладальніцы герба да з’яўлення на свет гэтых кніг чытачы не даведаліся…Хаця па справядлівасці, менавіта Магдаліну трэба лічыць хроснай маткай Максімавага "Вянка” [10, 70].

"Да 150-годдзя з дня нараджэння Магдаліны ў 2011 годзе ў Акадэміі навук Беларусі была шырока прадстаўлена навуковай інтэлігенцыі асоба Магдаліны, якая са сваім мужам, Мікалаем Радзівілам, шмат зрабілі для развіцця роднага краю: адкрылі  беларускія школы, праклалі чыгунку, ахвяравалі сродкі на выдавецтва беларускіх кніг.

Цяпер, гледзячы на гэтае занядбанне, - працягвае мастак, - што велічны палац, у якім быў цудоўны збор карцін, рукапісаў, археалагічных знаходак, тое месца, дзе стаіць Кальвінскі збор ХVI стагоддзя, дзе Сымон Будны друкаваў Біблію, дзе давалі баль, на якім прысутнічаў расійскі цар Пётр І, дзе пахаваны герой руска-японскай  і Першай сусветнай войнаў Мікалай Радзівіл, я напісаў рэканструкцыю  Кухціцкага палаца.

 

І сёння мы можам пабачыць, што захавалася ад велічнага палацу. Гэта  ў больш-менш людскім стане – левы флігель і перабудаваны, ледзь не знішчаны, правы флігель. Зараз на гэтым месцы на старых падмурках стаяць дамочкі безсістэмнай забудовы, стаяць хлявочкі, у якіх рохкае жывёла. І калі я хадзіў і глядзеў на гэтае спалучэнне вякоў і эпох, мне здалося, што раптам з левага флігеля можа выйсці сама Магдаліна і развітацца са сваім любімым супругам, які ад’язджаў на вялікую і дзеля яго апошнюю вайну. І вось я стаю і пішу той флігель”.

         Да Міжнароднага дня музеяў у  мае 2011 года ў Капыльскім раённым краязнаўчым музеі адбылася выстава жывапісу Алеся Філіповіча "Мая спадчына”. "Пейзаж – асноўны жанр у творчасці Алеся Філіповіча. Ён добра вядомы ў прафесійных колах і як партрэтыст. Героі яго партрэтаў – людзі-сучаснікі, у якіх аўтар раскрывае ўнутраны свет, тонкі псіхалагічны настрой, што дазваляе ўтрымліваць светаадчуванне розных культурных эпох, а таксама захоўваць вобразы для будучых пакаленняў.

Практычна ўсе свае творы Філіповіч стварае на ўжо гатовым каляровым палатне. Менавіта таму яму ўласцівы вайстрыня, свежасць імгненнага ўражання і святасць разумення колеру. Мастак тут выступае не проста ў ролі пабочнага назіральніка, які суха і метадычна канстатуе факт прыгажосці навакольнага асяроддзя, але ён тонка адчувае прыроду, яе характар і настрой, спрабуе злавіць і перадаць яе нюансы, унесці ў пейзаж свае асабістыя адносіны  і эмоцыі, што ў першую чаргу, перадаецца наведвальнікам выставы…” [1, 3].

У ліпені 2012 года адкрылася выстава Алеся Міхайлавіча ў Мар’інай горцы, якая мела назву "Паразуменне”. "Алесь Міхайлавіч пранікнёна і шчыра расказваў пра свае сюжэты, якія ён, дарэчы, любіць падгледзець у прыродзе, занатаваць дарагія сэрцу мясціны. Такім кранаючым аказаўся адзін з іх, адрасаваны маці! Жытнёвае поле, а недзе за ім ледзь віднеюцца абрысы бацькоўскай вёсачкі Куль, што на Уздзеншчыне…” [12, 3].

Закончыць дадзеную працу хацелася б водгукамі наведвальнікаў  выставы. Уладзімір Кісялёў  напісаў: "Беларусь ляжыць на шляхах шматлікіх заваёўнікаў і мае нялёгкую ваенную гісторыю, якая пакуль што не атрымала належнага адлюстравання ў батальным выяўленчым мастацтве. Думаецца, Алесю Філіповічу гэту тэму трэба прадаўжаць… Ён вельмі добра адчувае хронас-час” .

І тут з шаноўным Уладзімірам Мікалаевічам нельга не пагадзіцца. Сапраўды, гэтаму таленавітаму чалавеку ўдаецца знітаваць наша супярэчлівае зямное жыццё і мудрасць Нябёсаў, акрэсліць узаемасувязі чалавека і Сусвету, бачыць вялікае іпрыгожае ў звычайных дробязях празаічных будняў” [2, 9].

І нашым нашчадкам, любім і дарагім, хацелася б параіць, каб і яны так моцна любілі сваіх бацькоў, свой родны кут і Госпада, які з’яўляецца крыніцай натхнення і творчасці для сапраўднага майстра.

 

Бібліяграфія

 

1.       Бохан, Т "Мая спадчына”/ Т.Бохан // Слава працы ад 18.05.2011г.

2.       Калкоўская, З. Крыніца чалавечнасці/ З. Калкоўская // Чырвоная зорка. 2010. - № 43-44

3.       Кіслы, В. Залаты век натхнення/ В.Кіслы // Чырвоная зорка. 2010. - № 3

4.       Кіслы, В. Тысяча святаў адной ночы / В.Кіслы // Чырвоная зорка. 2010. - № 61-62.

5.       Кіслы, В. Тысяча святаў адной ночы / В.Кіслы // Чырвоная зорка. 2010. - № 61-62.

6.       Кісялёў, У.М. Наднёманскімі пуцявінамі/ У.М. Кісялёў. – Мінск, 2009

7.       Ражанец, В. "Жыцця імгненні”/ В.Ражанец // Слуцкі край. 2010. - № 68-71

8.       Рунец, А. Вандроўнік з вёскі Куль / А.Рунец // Культура. 2010.- № 7

9.       Рунец, А. Уздзенскі выток / А.Рунец // Літаратура і мастацтва. 2010. – № 8. 

10.    Хурсік, В.У. Белы лебедзь у промнях славы: Магдаліна Радзівіл: Гіст. нарыс/ В.У. Хурсік. – Мн.:Пейто, 2001.

11.    Чаропка, В. Уладары Вялікага княства / Вітаўт Чаропка. – 2-е выд., дап. – Мн.: Беларусь, 2002

12.    Яблонская, А. Паразуменне Алеся Філіповіча/ А. Яблонская // Пухавіцкія навіны. 2012. - № 116-117

 

Філіповіч Людміла, падбор матэр’ялу










 
Выступ Алеся Філіповіча на мастацкім плэнерэ "Зямля пад белымі крыламі" 2010

Категория: Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №3 (декабрь 2012 г.) | Добавил: IstokNemana (01.02.2013)
Просмотров: 1425 | Теги: Узденщина, Алесь Филиппович, деревня Куль, Узденский район, Исток Немана, Александр Михайлович Филиппович | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Copyright MyCorp © 2017
Бесплатный хостинг uCoz