Понедельник, 18.12.2017, 12:48

Главная Регистрация Вход
Приветствую Вас, Гость · RSS
Меню сайта
Форма входа
Категории раздела
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №14 (январь-февраль 2014 г.) [4]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №15 (март-апрель 2014 г.) [4]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №16 (май-июнь 2014 г.) [2]
Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №17 (июль-август 2014 г.) [4]
Поиск
Наш опрос
Какова ваша связь с Узденщиной?
Всего ответов: 103
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
 Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА
Главная » Статьи » Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА 2014 год » Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №16 (май-июнь 2014 г.)

Да 110-й гадавіны з дня нараджэння беларускага Ясеніна - Паўлюка Труса

Сталёвы звон і спеўная ўзнёсласць


У многіх паэтаў пакалення «Маладняка» было па некалькі вершаў, па якіх сёння тых самых паэтаў можа згадаць як мінімум кожны, хто вывучаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце.

Міхась Чарот — гэта «Босыя на вогнішчы», Уладзімір Дубоўка — «І пурпуровых ветразей узвівы», Язэп Пушча — «Лісты да сабакі», Уладзімір Жылка — «Вершы аб Вільні».

У Паўлюка Труса такога верша-візіткі няма, і цяжка сказаць, які твор можна было б вылучыць у гэтай якасці.

Першы апублікаваны верш «Над возерам» (1923) — надзіва светлы і суладны? «Чыстыя залацінкі любоўнай лірыкі», прысвечаныя двум альбо тром Марыям? Адмыслова Трусавы паэмы «Сірата Алеся» і «Развітанне» — плынныя, меладычныя, з перапевамі народных песень?

Паўлюк Трус, здаецца, ад першых сваіх вершаў ведаў, што павінна звацца паэ-зіяй і як варта яе пісаць.

У апавяданні «Паэт і блохі», пазначаным 1928 годам, рэдактар «Палескай праўды» здзіўляецца дасланаму вершу тав. Малева, які без падзелу на радкі ператвараецца ў самую звычайную прозу.

На дзве заўвагі пра адсутнасць у вершы музыкі прыходзіцца адзін каментарый наконт сэнсу твора: опус прысвечаны змаганню з блыхамі ў Чонкаўскім доме адпачынку. Зусім не паэтычны сюжэт!

П. Трус у першую чаргу імкнецца да меладычнасці, суладнасці радка, стварае настрой, адпаведны сваім высокім тэмам, і выкарыстоўвае адно прыгожыя, гарантавана паэтычныя вобразы.

Прыземленае, побытавае, грубаватае прынцыпова абмінаецца Трусам-паэтам: ён заўсёды ўзнёслы і чулы, што часам мяжуе з сентыментальнасцю.

Калі любіць вёску — дык да слёз, калі развітвацца з ёю — дык абавязкова пад плач сястры ды маці. Бо раптам — назаўсёды? Аднак паэт рэгулярна наведваў родны Нізок, і пакуль старэйшая сястра «прыбірала стружкі і белай настольніцай засцілала стол», гуляў у садзе з Пятром Глебкам (з успамінаў Веры Чэпікавай-Трус).

Човен цалуе азёрную сінь, хвалі ў гневе цалуюць скалы, рунь кудравіцца, лес кучаравіцца... Прыметнікі, назоўнікі і словазлучэнні дзеля асаблівай паэтычнасці пішуцца праз злучок (шыр-разгон, песня-веснаплыння, увосень-сінь), часта сустракаюцца ў вершах Труса дзеясловы, утвораныя ад назоўнікаў, і назоўнікі, утвораныя ад дзеясловаў (вішнёвіць, кудзеліць, імглістасць).

А побач — захапленне вясной і маладосцю, дні-сонцавеі, лілеі, вяргіні, «цвіце фантазія півоняй» — вось гэта сапраўдная паэзія, не тое што блохі ў доме адпачынку!

Тыповыя рысы «маладнякоўскага» вершаскладання ў значнай ступені звязаны  з  захапленнем  літаратурнай моладзі імажынізмам і ў прыватнасці паэзіяй Сергея Ясеніна.

Яго ўплыў адчуваецца ў шэрагу твораў П. Труса («Не заспі, — пабудзі мяне рана... -, «Дзясяты падмурак»), але — ніякіх не-паэтычных выказванняў!

Тут П. Трус бліжэй да Канстанціна Бальманта: музыка перадусім! Адпаведна, аўтар часта выкарыстоўвае фрагменты народных песень, фальклорныя вобразы і матывы.

Рэзкімі, часам дысгарманічнымі штрышкамі ў вершах П. Труса з'яўляюцца метафары, вобразы якіх не вельмі спалучаюцца між сабой:

«Танула ў сінь туману сетка. / А сонца чаркай за вакном / на прошву шоўкавых палеткаў / цадзіла хмельнае віно. / I каплі / капалі праз цені / у коўш карункавых палёў, / як кроў / гарачая ў асенні / крапіла свежае галлё».


Часам здаецца, што творчасць гэтага аўтара — зіхоткая паўнаводная рака, якая цячэ не з пэўнай мэтай, а толькі таму, што мае выток. «Паўлюк Трус — гэта крыніца з беларускіх нетраў, гэта буйны вецер ад маладога жыцця», — пісаў Адам Бабарэка. I галоўнае, што адлюстроўваецца ў яго паэтычнай плыні, — гожыя родныя краявіды:


Нямая бель... Гаі... Дубровы...

Маўчаць за возерам стагі,

ЗгубІлі вербы каляровасць.

А там... снягі... снягі...снягі...

Які прастор... Ў прасторы іней...

Я сам не веоаю, чаму,

Люблю аснежныя раўніны

I бепарускую зіму...


Беларусь маляўнічая — самае важнае ў паэзіі П. Труса, і нават у вершах «Брату», «Яна», «Не віню...», дзе пейзажных замалёвак магло б не быць, прыродзе абавязкова прысвечана некалькі радкоў альбо строф.

Дрэмлюць палі і лясы, журацца крыніцы, вецер хвалюе возера, цвіце зарою неба, зіма сцеле белыя кілімы — і блукаюць між гэтай прыгажосці жнеі, камсамолкі, лірнік, сястра дый сам герой, якому даводзіцца абіраць сваю сцежку.

Палі, лясы, рэкі — гэта ўсё вечнае і бязмежнае, а чалавек — маленькі, выпадковы і амаль імгненны.

Ёсць у Труса і непазбежныя для маладой паэзіі 1920-х гадоў рэвалюцыйныя штампы — сталёвы звон, вольна-сакаліныя крылы, грозныя хмары ды агнявыя косы, але ўсё гэта таксама губляецца між краявідаў.

П. Трус нарадзіўся ў 1904 годзе і ведаў рэвалюцыю не з чужых апавяданняў: як піша Ганна Запартыка, улетку 1920 г. яго замест хворага бацькі забралі ў абоз, з Чырвонай арміяй ён даехаў амаль да Варшавы, у дарозе хварэў.


Ў гэту ноч,

   у ружовым

            разліве,

У раны

   ступапа

            нага...


Самыя страшныя радкі са збору твораў П. Труса.


Пры жыцці ў маладога паэта выйшла два зборнікі: «Вершы» (1925) і «Ветры буйныя» (1927). 3 1925 г. ён уваходзіць у літаратурную арганізацыю «Маладняк», але двойчы спрабуе яе пакінуць пасля ўтварэння «Узвышша».

Пазіцыя адносна яго кандыдатуры ва «Узвышшы» была незразумелай: адносіны з Уладзімірам Дубоўкам падаваліся не надта сяброўскімі, многія вінавацілі ў «слабасці і хістанні», хаця таленавітасць і паэтычную самастойнасць Паўлюка не адмаўляў ніхто.

Дарэчы, ён не толькі пісаў вершы, але і добра маляваў, удзельнічаў у спектаклях, апрацоўваў для кампазітараў фальклорна-паэтычныя матэрыялы.


На творчасць П. Труса ўплывалі таксама Тарас Шаўчэнка, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Янка Купала, руская літаратура — ад Аляксандра Пушкіна да Максіма Горкага (у «Думах» Труса выразна чуюцца водгукі «Песні пра сокала» і «Песні пра буравесніка»).

Галоўнае, каб былі рамантызм і ўзнёсласць! Вершы паэта-маладнякоўца, у сваю чаргу, натхнялі іншых: Аркадзь Куляшоў не мог не чытаць яго «Ліст да сястры», які і настроем, і вобразнасцю нагадвае «Алесю»: «...Быў вераснёвы дзень, / а травы ў далавах / Цвілі... адцвітвалі, / Як на парозе, помню, / Сказаў на ростані, / сястры сказаў — «бывай».


П. Трус памёр ад тыфу напрыканцы лета 1929 года і меў толькі дваццаць пяць гадоў. Большасць яго паплечнікаў па літаратуры былі пахаваны зусім інакш: без некралогаў, ганаровай варты, аркестра і высокіх прамоў:


«I таварышы непаслухмяным языком, няскладнымі словамі скажуць сваё. <...>


Ну, спі спакойна! Ты ўжо нічога не чуеш.

Без пары ты адышоў.

Хто б мог падумаць, хто?

Смерцю сваёй сезон адчыніў.

Няўжо мёртвы будзе сезон?


А хто ж будзе песні пра сацыялістыч-нае будаўніцтва ў роднай краіне так шчыра пяяць?» — пісаў з нагоды смерці П. Труса Максім Гарэцкі.

Паулюк Трус быў глыбока звязаны з прыродай і яе стыхіяй, з народнай творчасцю. Ён здолеў перадаць гэту натуральную прыгажосць у вершах, якія і сёння прыцягваюць пачуццёвасцю і шчырасцю.


Хочацца навеяць
                   казкі-таямніцы

Гукамі мелодый,
                    радасцю без слоў.

I застылі сцені
                  у маёй святліцы,

Засынаю...
             Сніцца
                   роднае сяло.


Алеся ЛАПІЦКАЯ, Марыя ПАЎЛОЎСКАЯ

"Літаратура і мастацтва" № 18 (4767) 8 мая 2014 г.




“БУДУ Ў ДУШЫ МАЛАДЫМ”

6 мая, у дзень народзінаў Паўлюка Труса, у літаратурнай гасцёўні “У Паўлюка”, што размясцілася ва ўтульным пакоі цэнтральнай раённай бібліятэкі, якая носіць  імя знакамітага земляка, сабраліся ўздзенскія літаратары.

Для некаторых членаў літаратурнага аб’яднання “Нёманец” гэта было першае знаёмства з шыкоўным убраннем новага Палаца культуры, што адкрыўся некалькімі тыднямі раней. Сімвалічным з’яўляецца і тое, што першае пасяджэнне ў абноўленай гасцёўні прысвячалася 110-й гадавіне з дня нараджэння беларускага Ясеніна (так некаторыя літаратуразнаўцы называюць П. Труса). Не з пустымі рукамі прыйшлі сюды мясцовыя паэты, пісьменнікі. Віктар Сабалеўскі прэзентаваў сваю новую кнігу паэзіі “Табою я жыву”, Валянціна Шытыка – “Были-небылицы”,  Вольга Бокуць-Чабатарова – вазон, Тамара Каляда пачаставала сяброў дамашняй выпечкай. Для ўсіх прысутных праведзеныя ў кніжным храме дзве гадзіны прынеслі  шмат асалоды.

Шчыра вітала гасцей дырэктар ЦБС Аксана Драчан. Яна расказала, як бібліятэкары рыхтаваліся да наваселля, парадавалася за створаныя тут умовы для плённай творчай працы.  Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам Паўлюка Труса. Усяго дваццаць пяць гадоў адведзена было лёсам нашаму земляку, але яго творчасць, яго тонкі лірызм, выдатнае валоданне словам дазволілі далучыць паэта да класікаў беларускай літаратуры. З фотаздымка на нас пазірае адкрыты твар, прыгожыя валасы хваляй спадаюць на лоб, і адразу ж згадваюцца знаёмыя з дзяцінства радкі: “Падаюць сняжынкі, дыяменты-росы, падаюць бялюткі за маім акном…” Назаўсёды маладым застаўся паэт у памяці беларусаў. Бібліятэкары дэманструюць прысутным рэдкія сёння выданні твораў Паўлюка Труса, датаваныя 1931, 1934, 1935 гадамі – іх перадалі ў дар уздзенцам супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

А потым загучалі вершы, згадкі пра знаёмства з творчасцю П. Труса, яго ўплыў на ўласную літаратурную творчасць. Цікавымі былі выступленні членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Зоі Калкоўскай, Галіны Нічыпаровіч, Віктара Сабалеўскага, Таццяны Цехнебедзінай. Зоя Пятроўна засяродзіла ўвагу прысутных на пэўнай супярэчнасці ў радках юбіляра, дзе дыяменты-росы суседнічаюць з “фабрыкамі дымнымі”, заклікала жыць у злагадзе з прыродай, каб сучасныя навінкі цывілізацыі не перашкаджалі развіццю і захаванню ў нашых душах духоўнасці.

Ліана Тападзе прыгадала гады, калі яна працавала ў музеі Слова на радзіме Паўлюка Труса. На жаль, сёння ў Нізку мала што нагадвае пра радзіму трох вядомых на ўсю краіну паэтаў, мастака, артыста, навукоўца – няма больш ні школы, ні музея, ні бібліятэкі. Перададзены ў раённы гісторыка-краязнаўчы музей сшытак з аўтографам Паўлюка, іншыя каштоўныя матэрыялы, а нізаўчане слухаюць “ветры буйныя”, што шумяць між старых высокіх дрэў…

Цёплыя, пранікнёныя вершаваныя радкі Веры Лукашэвіч, разважанні Валянціны Шытыка, гумарыстычныя вершы Мікалая Стараверава, філасофскі роздум Тамары Каляда, шчымлівыя мелодыі песні ў выкананні Вольгі Бокуць-Чабатаровай склалі адзін прыгожы вянок, які прыпаднеслі ўздзенцы свайму земляку ў гадавіну яго нараджэння.

Прыемнай нечаканасцю для членаў літаб’яднання стала знаёмства з маладым папаўненнем – вучнямі раённай гімназіі Славам Валовікам і Софіяй Плотнікавай. Цікавым быў аповяд васьмікласніка Вячаслава пра тое, як творчасць Труса, Крапівы падштурхнула яго да захаплення літаратурай, уласнай пробы пяра. Нібы сталы аўтар, свае першыя творы хлопец падоўгу “вылежвае”, затым паказвае бабулі.

Цікавіць яго ўласны радавод, ці не да пятага пакалення адшукаў з дапамогай родзічаў сваіх продкаў, а агульнай сямейнай рэліквіяй Валовікаў з’яўляецца пярсцёнак з 1897 года, ад дзядоў-шляхцічаў. “Хто мы, адкуль пайшлі, што значым у гэтым свеце, што зрабілі дзеля таго, каб пра  нас помнілі і праз стагоддзі,” – такімі памкненнямі жыве малады чалавек, што, безумоўна, заслугоўвае павагі.

Сяргей ВАСІЛЬЧУК.

Фота аўтара.

"Чырвоная Зорка" 12.05.2014

 

 

 

Категория: Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА №16 (май-июнь 2014 г.) | Добавил: IstokNemana (20.05.2014)
Просмотров: 832 | Теги: Сталёвы звон і спеўная ўзнёсласць, БУДУ Ў ДУШЫ МАЛАДЫМ, Павлюк Трус, Узденщина, Да 110-й гадавіны з дня нараджэння , Паўлюк Трус, д.Низок | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Copyright MyCorp © 2017
Бесплатный хостинг uCoz