Падмурак будучыні
Нельга
падлічыць, колькі разоў гэта зямля чула словы ўдзячнасці і любві. 770 гадоў
спаўняецца сёлета аднаму са старэйшых паселішчаў на тэрыторыі нашага раёна.
Таму свята вёскі Магільна значна адрознівалася ад іншых падобных
мерапрыемстваў, якія сталі ўжо традыцыйнымі. Цэнтрам казачна-гістарычнага
дзеяння стаў мясцовы Дом культуры. Адсюль святочная працэсія ў нацыянальных
касцюмах з вясёлымі песнямі накіравалася ў віншавальную экскурсію па вуліцах
вёскі.
—
Беражыце галасы, сёння спяваць доўга прыйдзецца, — жартоўна крыкнуў артыстам
дырэктар ДК Барыс Лыч.
— А вы
нас "запраўце", дык мы яшчэ грамчэй зацягнем, — не засталіся ў даўгу
песняры.
А
заправіцца было чым. Кожная вуліца сустракала гасцей багатымі сталамі. Барыс
Сяргеевіч быў своеасаблівым гідам:
— Мы
прыйшлі на вуліцу. Школьную. Да 1939 года тэрыторыя была
закрытай, тут праходзіла мяжа, якая дзяліла Беларусь на Заходнюю і Усходнюю.
Так што зараз мы з вамі парушаем граніцу.
"Замежжа"
сустрэла "парушальнікаў" разнастайнымі пачастункамі, якія
прапаноўвалі Вера Іванаўна Косцікава і Валянціна Сямёнаўна Кароль. Нават
артысты ад такога дастатку часова страцілі натхненне.
—
Касцяшоўскія, запявайце!
— Зараз,
толькі бліны даядзім.
I вось
ужо над Школьнай удзячна гучыць "Домік вокнамі ў сад". Але гасцінныя
сустрэчы толькі пачынаюцца. Вуліцы Палявая і Маладзёжная, апраўдваючы свае
назвы, сустракаюць не толькі традыцыйнымі дранікамі, але і сучаснымі шашлыкамі.
Мікалай Старавераў чытае свой верш, дзе прызнаецца ў любві да роднай вёскі і да
землякоў:
Мая
маленькая айчына.
Мой
родны магільнянскі кут,
Прымі
паклон ад свайго сына
I
ўдзячнасць, што жыву я тут.
Ад
шчодрага хлебасольства госці крыху збянтэжыліся:
— Куды
далей ісці?
— Туды,
дзе стол стаіць.
Але гэта
ўсё жарты. Барыс Лыч вядзе экскурсію па запланаванаму маршруту.
— Вуліца Садовая заснавана ў 1960 годзе. Першую
хату пабудаваў Іван Гаўрылавіч Антончык. А асабліва вялікае будаўніцтва
пачалося ў той час, калі старшынёй калгаса быў В. Сікорскі. Тут больш за ўсё
жыхароў — каля 100 чалавек, у асноўным моладзь, таму сустрэнемся мы на Садовай
яшчэ не раз на вяселлях і на радзінах.
Пасля
прывітальных слоў Алены Латуцкай, чуллівых вершаў Галіны Нічыпаровіч,
абавязковага застолля праграма свята нечакана робіць круты віраж: у канцы
Садовай, на ўскрайку вёскі, госці сталі сведкамі конных спаборніцтваў.
Школьнікі Паша Домаш, Валя Дошчачка, Алена Дыдо і Сяргей Загавалка ў
захапляльнай скачцы высвятлялі, хто з іх больш класны коннік. Усе ўдзельнікі
былі адзначаны пачастункамі. А свята працягвалася.
— Вуліца
Камсамольская, былая Кавалёўская, самая старая. Тут жылі аж тры кавалі, стаяла
кузня. Адсюль і назва.
На
Камсамольскай і зараз хапае майстроў: на платах развешаны саматканыя ручнікі.
фіранкі, падзоры. А сустракаюць працэсію... вялікія камічныя лялькі, зробленыя
з матэрыі і размаляваныя маркерамі.
— Гэта нашы гаспадары. Кацярына
і Васіль. — смяюцца вяскоўцы.
Заканчваецца
экскурсія на вуліцы Ракасоўскага, якая атрымала сваю цяперашнюю назву таму, што
па ёй у час вайны часта праходзіла на Нясвіж аднайменная партызанская брыгада.
Тут, як водзіцца на любым застоллі, справа скончылася чаяпіццем. А чай быў
прыгатаваны не абыяк, а ў сапраўдным самавары, які паліўся на сасновых шышках.
Пасля ў
скверы каля Дома культуры адбыўся святочны канцэрт. Цэнтральнае месца сярод
гледачоў займалі лялькі-гаспадары з Камсамольскай. Цёплыя словы былі адрасаваны
многім людзям.
— Усё,
што зроблена добрага на гэтай зямлі, зроблена нашымі продкамі, — адзначыў
кіраўнік СВК "Над-нёман" Міхаіл Крукоўскі. — А будучыня залежыць ад
нас з вамі. Сёння тут шмат моладзі, значыць, вёска будзе жыць.
—Сённяшняе
свята — гэта свята яднання, — працягвала старшыня Нёманскага сельвыканкама Яніна
Майсюк. — Мы з гонарам можам сказаць, што ў вёсцы ёсць усё для спакойнага і
шчаслівага жыцця.
Цікава
расказаў аб мінулым Магільна старэйшы жыхар вёскі Яўгеній Антонавіч Каробка.
Падарункамі ўзнагароджваліся ветэраны працы, лепшыя домаўлацальнікі, сёлетнія
юбіляры. Пад дружныя крыкі "Горка!" атрымлівалі сувеніры сем'і, якія
адзначаюць у гэтым годзе круглыя даты сумеснага пражывання — ад 10 да 35 гадоў.
Быў ушанаваны і самы малодшы жыхар вёскі Арцём Туміловіч, якому споўнілася
ўсяго 2 месяцы. Прызамі адзначаны вуліцы за актыўны ўдзел у палрыхтоўцы свята.
Цэнтральнай
падзеяй свята стала адкрыццё памятнага знака: на вялікім камені толькі назва і
дата — "Магільна, 1235 г.” А яшчэ — выява кургана, сімвала вёскі. Усё
зразумела. Гісторыя і памяць — гэта надзейны падмурак, такі ж магутны, як
вялікі камень. На ім трымаецца наша грамадства.
Віктар КІСЛЫ.
"Чырвоная Зорка”, 2005 г.
|