ІВАН САЛАВЕЙ, ПАТРЫЯРХ ЖЫВАПІСУ УЗДЗЕНШЧЫНЫ
У розныя часы мастакі аддавалі перавагу жыццю на Міншчыне ў далечыні ад шэрых гарадскіх кварталаў, як напрыклад, вялікія жывапісцы ХІХ – пачатку ХХ стст. Апалінарый Гараўскі, Фердынанд Рушчыц і інш.
У савецкі час сітуацыя цалкам змянілася. Для выканання буйных дзяржаўных заказаў мастакі пацягнуліся ў гарады. І да сёняшняга дня па раней усталяванай завядзёнцы большасць беларускіх мастакоў жыве ў сталіцы. Толькі адзінкі трывала звязалі свой лёс з малой радзімай, з мясцінамі дзяцінства, дзе чэрпаюць натхненне і знаходзяць праўдзівую тэматыку для сваіх твораў.
Да такіх першапраходцаў рэгіянальнага жывапісу належыць мастак з Уздзеншчыны Іван Аляксандравіч Салавей (1918-1988).
У 1938 г. ён паступіў у славуты Віцебскі мастацкі тэхнікум, сапраўдную кузню творчых талентаў. Яго настаўнікі: Іван Ахрэмчык, Хведар Даркевіч, Леў Лейтман -- прызнаныя класікі беларускага мастацтва ХХ ст.
Іх таленавіты вучань з Уздзеншчыны ўсё сваё творчае жыццё прысвяціў развіццю выдатнага жывапіснага метаду, які дазваляе абагульняць пры дапамозе шырокага ўзмаха пэндзалем непасрэдныя жыццёвыя ўражанні, адлюстроўваць маляўнічыя з’явы народнага жыцця.
Пасля дэмабілізацыі Іван Салавей вяртаецца да творчых заняткаў і ў 1959 г. за выдатныя жывапісныя дасягненні становіцца членам Беларускага саюза мастакоў. Але не пакідае родных мясцін, будуе сваю творчую майстэрню ў вёсцы Баравыя на другім паверсе жылога дома і стварае ўсё новыя этапныя творы.
Ён замацаваў у беларускім жывапісе другой паловы мінулага стагоддзя каларытныя матывы прыроды Уздзеншчыны, часта звяртаўся да тэматычных пейзажаў, натхнёных працоўнымі заняткамі аднавяскоўцаў на млыне, у кузні, у полі, на ферме і г.д.
С захапленнем ствараў зімовыя і вечаровыя матывы. Каб іх убачыць і намаляваць, неабходна ўвесь час жыць на ўлонні прыроды.
Мастак распачаў вялікую галерэю партрэтаў землякоў, якія часта дараваў сваім мадэлям па-сяброўску, у знак павагі да іх працоўнай дзейнасці і т.п. Яму належыць таксама прыкметны ўклад у развіццё анімалістычнага жанру беларускага жывапісу з выявамі магутных звяроў, у маляўнічасць вясковага, ляснога, паляўнічага нацюрмортаў.
Сапраўдным здабыткам яго рамантычнага жывапісу сталі вобразы закаханых у лесе, якія шукаюць і знаходзяць Папараць-кветку.
Кожны твор адрозніваецца свабодай і дынамікай творчых адлюстраванняў, што выклікае захапленне самых розных гледачоў. Мастака добра ведалі і паважалі землякі. Але толькі цяпер пра яго пачалі пісаць па-новаму журналісты і краязнаўцы. Яго спадчыну неабходна яшчэ даследаваць і асэнсаваць сучасным мастацтвазнаўцам, якія раней амаль нічога не ведалі пра выдатнага уздзенскага мастака.
Каб паскорыць гэты працэс, дзеля знаёмства з творамі І.Салаўя ў вёску Баравыя (цяпер яна злілася з вёскай Лоша) 28 верасня 2013 г. выправіліся мастакі, удзельнікі праекта "Выток Нёмана-выток духоўнасці” М.Мішчанка, Ф.Ладуцька, А.Лычкоўскі, А.Філіповіч і Я.Шунейка.
У вясковай бібліятэцы іх сустрэлі сын творцы Рыгор Іванавіч і яго жонка Людміла Васільеўна, якія перадалі для чытальнай залы многія выдатныя творы жывапісца.
Мастакі пераканаліся, што, дзякуючы такой дастойнай ініцыятыве, атрымалася сапраўдная і унікальная выставовая экспазіцыя, якая сведчыць пра творчасць І.Салаўя як пра сапраўднага прадстаўніка наватарскіх традыцый беларускай мастацкай прафесійнай школы. Нездарма яе рупліва захоўвае і паважае народ.
Гэтыя жывыя традыцыі жывапіснага майстэрства неабходна развіваць у творчасці новых выпускнікоў творчых навучальных устаноў Віцебска і Мінска, дзе не парушаны асновы сапраўднай прафесійнай падрыхтоўкі.
Потым Рыгор Салавей пазнаёміў мастакоў з мясцінамі, дзе яго бацька часта маляваў з натуры. Працуючы ў лясніцтве, сын мастака пасадзіў каля тысячы гектараў лесу, спрыяў захаванню лясоў са стогадовымі соснамі і хвоямі.
Цяпер там склалася выдатнае прыроднае асяроддзе для правядзення жывапісных плэнэраў. Немагчыма было не ўзяцца за пэндзаль і не пачаць маляваць вераснёўскія пейзажы ў гонар выдатнага уздзенскага мастака.
У выніку такога першага знаёмства нарадзілася ідэя арганізаваць ў новай выставовай зале Уздзенскага раённага краязнаўчага музея мемарыяльную выставу жывапісу Івана Аляксандравіча Салаўя з розных існуючых у раёне калекцый і дапоўніць яе сучаснымі творамі, створанымі пад уздзеяннем убачанага і перажытага.
Рэгіянальная тэматыка Уздзеншчыны вельмі захапляе сваім вобразным багаццем і падштурхоўвае да сапраўдных творчых адкрыццяў. Яны з’яўляюцца жывым увасабленнем назапашаных традыцый і цудоўным зярняткам для будучага і плённага жывапіснага жніва.
Яўген Шунейка, кандыдат мастацтвазнаўства, член Беларускага саюза мастакоў
|