Напачатку сёлетняй восені, 12 верасня адбыўся першы мастацкі плэнер, прысвечаны памяці класіка беларускага мастацтва ХХ ст. Міхася Сеўрука.
Мінскія мастакі Фёдар Ладуцька і Яўген Шунейка, іх калегі з Узды Андрэй Лычкоўскі і Алесь Філіповіч, а таксама мастачка з Гродна Алена Шунейка наведалі старадаўні Нясвіж і правялі шмат гадзін у доме-музеі мастака, размясціліся з эцюднікамі вакол утульнага будынка.
Малявалі алейнымі, акварэльнымі і пастэльнымі фарбамі пакойчыкі з экспанаванымі там творамі і асабістымі мастацкімі прыладамі вялікага творцы, адлюстроўвалі фасад музея і дворык з яблынямі.
Гэта тая творчая прастора, у якой былі створаны шматлікія жывапісныя і графічныя кампазіцыі М.Сеўрука. Вельмі часта гэты дом з дворыкам станавіўся аб’ектам пранікнёнага жывапісу нясвіжскага маэстра.
І вось, нарэшце, упершыню ў сучасным беларускім мастацтве з’явіліся энтузіясты, якія знайшлі час і наведалі мемарыяльнае месца, дзе было створана цэлая галерэя народных вобразаў, партрэтных выяў, пейзажных і сюжэтных твораў, маляўнічых нацюрмортаў і інш.
У выдатна захаваным гістарычным асяроддзі, як адзначылі ўсе ўдзельнікі плэнера, малявалася лёгка і натхнёна, бо дапамагала і сама атмасфера дома мастака, сваечасова пераўтворанага ў музей.
Перад ад’ездам удзельнікі плэнеру зрабілі яшчэ шэраг эцюдаў на беразе возера, якое надае непаўторную прыгажосць гарадскому цэнтру, дзе таксама раней бываў М.Сеўрук з пэндзалем і палітрай.
Праз тыдзень мастакі працягнуць сваю працу на нясвіжскім плэнеры, а затым падрыхтуюць выставу ў Нясвіжы, многія творы з якой будуць падараваныя раённаму гісторыка-краязнаўчаму музею.
Яўген Шунейка,
кандыдат мастацтвазнаўства,
прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза
мастакоў.