На алтары дзяржаўнасці
(Пра жыццё і дзейнасць Аляксея Георгіевіча
Бондара (15.10.1908 – 3.02.1994), дзяржаўнага дзеяча Беларусі, аднаго з
арганізатараў партызанскага руху на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны,
заслужанага юрыста Беларусі, ураджэнца вёскі Касцяшы. Да 105-годдзя з дня
нараджэння 15 кастрычніка 1908 года).
Шмат выбітных постацяў у гісторыі
Уздзеншчыны: навукоўцы, пісьменнікі, мастакі, артысты, героі вайны і ветэраны
працы, спартсмены, фундатары…
Сярод іх не згубілася імя дзяржаўнага дзеяча
Беларусі Бондара Аляксея Георгіевіча.
Сёлета грамадскасць Уздзеншчыны святкуе
105-годдзе прыходу ў наш свет гэтага чулага, тактоўнага, працавітага, сціплага
чалавека, які цалкам палажыў сваё жыццё на алтар дзяржаўнасці.
Нарадзіўшыся ў сям’і селяніна-бедняка ў
вёсцы Касцяшы 15 кастрычніка 1908 года, будучы дзяржаўны дзеяч спаўна зведаў
цяжкасці жыцця беларускага народа і праз усё жыццё пранёс гэту святую памяць
пра свой род, пра неабходнасць упартай штодзённай барацьбы за справядлівасць,
духоўнасць, дабрыню…
Працоўную дзейнасць ён
пачаў падлеткам у сельскай гаспадарцы. У 20-я гады быў рабочым Уздзенскага
леспрамгаса. Пасля службы ў Савецкай Арміі вучыўся ў Мінскім юрыдычным
інстытуце. Адразу пасля заканчэння вучобы пачаў працаваць памочнікам пракурора,
затым пракурорам горада Мінска, а з 1939 па 1941 год – пракурорам Мінскай
вобласці.
На гэтай пасадзе і застала яго Вялікая
Айчынная вайна. Ён стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху
на Беларусі.
3 чэрвеня 1941 па верасень 1942 года - намеснік камандзіра Мінскага
партызанскага злучэння. 3 ліпеня 1941 года знаходзіцца ў складзе Мінскага
падпольнага абкома КП(6)Б. Неаднойчы прыходзілася глядзець у вочы смерці,
прымаць адказныя рашэнні, ад якіх залежала жыццё соцень людзей. Апынуўшыся ў
1942 годзе ў тыле ворага, быў паранены. Пасля лячэння трапіў у дзеючую армію: у
1943 — 1944 гадах — упаўнаважаны ЦК КП Беларусі і Цэнтральнага штаба
партызанскага руху пры штабе Бранскага фронту.
Пасля вайны Аляксей Георгіевіч
напісаў успаміны пра тое, чаму быў сведкам. Яму давялося стаць непасрэдным
удзельнікам тых трагічна-гераічных падзей, таму напісанае ім – каштоўны гістарычны
дакумент, які ніколі не згубіць цікавасці нашчадкаў. Машынапісны варыянт
успамінаў знаходзіцца ў архівах Уздзенскага музея. У якасці эпіграфа выкарыстаны
словы У.І.Леніна: "Дзяржава моцная свядомасцю мас. Яна моцная тады, калі масы
ўсё ведаюць, усё могуць абмяркоўваць і ідуць на ўсё свядома”. Гэтыя мудрыя
словы правадыра пралетарыята будуць
заўсёды актуальныя.
Гэта памятаў Аляксей Георгіевіч Бондар, калі,
вярнуўшыся пасля вайны да цывільнага жыцця, быў старшынёй Вярхоўнага суда БССР,
затым з 1945 года - сакратаром Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, а з 1949 года
- пракурорам БССР. Не забываўся
карыстацца ён гэтым аб’ектыўным выслоўем і тады, калі з 1967 па 1984 год,
працуючы Старшынёй Вярхоўнага суда БССР, паспяхова накіроўваў высілкі судоў
рэспублікі на далейшае ўдасканаленне іх работы, на мэтанакіраваную барацьбу са
злачыннасцю пры няўхільным захоўванні матэрыяльных і працэсуальных норм.
Адказную дзяржаўную работу наш славуты
зямляк паспяхова спалучаў з шматграннай грамадскай дзейнасцю: неаднаразова
выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, быў членам Рэвізійнай камісіі КП
Беларусі. Нельга не адзначыць тасама яго каштоўны творчы ўнёсак у работу Пленума
Вярхоўнага Суда СССР. Заўсёды і ўсюды, куды б ні закідваў яго лёс, ён быў
нястомным прынцыповым дзяржаўным дзеячам, мэтанакіраваным барацьбітом за ўмацаванне
законнасці, правапарадку, маральнасці і мудрасці.
У Уздзенскім раённым гісторыка-краязнаўчым
музеі ашчадна захоўваюцца шматлікія матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю
нашага слыннага земляка: фотаздымкі, аўтографы, газеты і часопісы з
выступленнямі Аляксея Георгіевіча, яго дакументы, а таксама віншавальныя лісты
ад самых розных арганізацый з многіх куткоў свету.
У віншавальным пасланні з
нагоды 70-годдзя з дня нараджэння, падпісаным Старшынёй Вярхоўнага суда
Малдаўскай ССР, гаворыцца:”Уласцівыя вашай рабоце невычэрпная энергія,
партыйная прынцыповасць, выключная сціпласць, дабразычлівыя адносіны да людзей здабылі
Вам глыбокую павагу.”
За шматлікія неацэнныя заслугі перад Радзімай і народам
Аляксей Георгіевіч Бондар узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай
рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі
Дружбы народаў, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Сёння мы, нашчадкі слаўнага мінулага нашага
народа, па праву ганарымся такімі людзьмі, як Аляксей Георгіевіч Бондар, і
выражаем упэўненасць, што яго імя не згубіцца ў лабірынтах вечнасці, бо гэта
патрэбна ўжо не яму, а тым, хто сваімі справамі піша новую гісторыю нашай
Айчыны. І няхай яна будзе такой жа слаўнай, якой рабілі яе нашы продкі, каб не
было крыўдна за дзяржаву, на алтар якой лажылі свае жыцці слынныя сыны
беларускага народа.
Старшы навуковы супрацоўнік Уздзенскага
раённага гісторыка-краязнаўчага музея Зоя Калкоўская.
|